У Наваградку за грамадзянскую пазіцыю звальняюць супрацоўнікаў музеяў
Галіну Кавальчук звольнілі з Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музея. Сёння яна дапрацоўвае там апошні дзень на пасадзе старшай навуковай супрацоўніцы, паведамляе «Белсат».
Прычына звальнення — грамадзянская пазіцыя і правядзенне ў нядзелі экскурсій для жыхароў Наваградка, сярод якіх былі людзі, пакараныя судом паводле арт. 23.34. КаАП.
Галіна Кавальчук працавала ў музеі амаль 22 гады. Найноўшая музейная гісторыя Наваградка звязаная менавіта з ёй. У 2019 годзе Галіна Кавальчук была прызнаная ўладамі раёна найлепшым музейным работнікам. У лютым 2021 года ёй абвесцілі, што не працягнуць кантракт.
З музея звольнілі таксама навуковую супрацоўніцу Тамару Вяршыцкую. Яна, між іншым, стварала ў Наваградку Музей яўрэйскага супраціву і занесеная ў Кнігу гонару Наваградскага раёна. Вяршыцкая афіцыйна развітаецца з музеем 2 красавіка 2021 года.
1 студзеня 2021 года з пасады дырэктара Дома-музея Адама Міцкевіча ў Наваградку знялі Мікалая Гайбу, які кіраваў установай больш за 20 гадоў.
У сакавіку жыхары Наваградка распачалі збор подпісаў за вяртанне звольненых Галіны Кавальчук і Тамары Вяршыцкай на працу ў музей. Петыцыю плануюць накіраваць у Міністэрства культуры. Падпісанты адзначаюць, што звальненне дасведчаных музейных работнікаў паралізуе навуковую працу музея ў Наваградку.