У кастрычніку ў Варшаве адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю»
«Свабода без межаў» — пад такім лозунгам у Варшаве ўжо 9-ты раз адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». Сёлета імпрэза адбудзецца не ўвесну, як было дагэтуль, а 2 кастрычніка, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
На сцэне пад Палацам культуры і навукі ў Варшаве з’явяцца артысты з Польшчы, Беларусі ды Украіны. Для гледачоў выступяць Аня Русовіч (Польшча), «Enej» (Польшча), «Hańba!» (Польшча), «Дзецюкі» (Беларусь), «Shuma» (Беларусь) і «Воплі Відаплясава» (Украіна), а таксама «Амплітуда смеласці» (Беларусь).
«Нам важна, каб канцэрт адбыўся перад самымі выбарамі. Мы памятаем, што адбылося ў нашых суседзяў у 2010 годзе. Большасць канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі тады трапілі ў турму», — адзначыў старшыня ініцыятывы «Вольная Беларусь» Фелікс Тушка.
Канцэрт будзе магчымасцю для жыхароў і гасцей Варшавы, каб выказаць сваю падтрымку дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі. Акрамя гэтага адбудзецца шэраг суправаджальных мерапрыемстваў.
Праграма ўключае ў сябе: выставу працаў Вольгі Бабурынай (Беларусь), Вольгі Кузміч (Беларусь) і арт-групы «The Krasnals» (Польшча), а таксама перформанс мастака Алеся Пушкіна і серыю дэбатаў. Адбудзецца таксама паказ сучасных беларускіх дакументальных фільмаў (у тым ліку прэм’ера стужкі пра гурт «Krambambula» — «Свабоду не стрымаць»).
«Сёлета мы таксама запрасілі музычныя гурты і гасцей з Украіны. Мы хочам прыцягнуць увагу да складанай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Жыхары Варшавы змогуць выказаць сваю салідарнасць з нашымі ўсходнімі суседзямі», — дадаў Фелікс Тушка.
Таксама будзе арганізаваны аўтобусны тур з Мінскa на канцэрт з бясплатнымі візамі. Падаць заяўку можна па спасылцы: https://goo.gl/NIvhOQ
Канцэрт можна будзе паслухаць у Беларусі ў эфіры радыё «Рацыя», а таксама ў Польшчы ў эфіры радыё «Campus». Акрамя гэтага, будзе зладжана анлайн-трансляцыя ў інтэрнэце. Уваход на канцэрт і ўсе суправаджальных імпрэзы вольны.
Праграма мерапрыемства:
28.09 — Адкрыццё выставы «Свабода без межаў» — выстава беларускіх мастакоў Вольгі Бабурынай, Вольгі Кузміч і польскага арт-гурта «The Krasnals»
29.09 — Паказ фільма «Свабоду не стрымаць» у кінатэатры «Elektronik»
30.09 — Паказ беларускіх незалежных дакументальных фільмаў у Музеі сучаснага мастацтва
ў Варшаве
01.10 — Дыскусія літаратараў з Польшчы, Беларусі, Украіны ды Расіі на тэму: «Заангажаваны мастак». Абмеркаванне будзе датычыць ролі, якую ў эпоху нявызначанасці ставіць
перад мастаком грамадства
02.10 — Выступ музычнага гурта «Vuraj» (яшчэ пацвярджаецца)
03.10 — Панэльная дыскусія