У Мінскім ЦУМе прадаюць цішоткі з выбарчым слоганам Аляксандра Лукашэнкі

У Мінскім Цэнтральным універмаге прадаюцца цішоткі з выбарчым слоганам Аляксандра Лукашэнкі “За будучыню незалежнай Беларусі!!” Адметна тое, што вытворацай цішотак з’яўляецца прадпрыемства “Світанак”.



1442638482_9_1_1442502432.jpg

Інфармацыю пра гэта прыслаў адзін з першых карыстальнікаў новай мабільнай прылады “Вочы”, мэта якой выяўляць парушэнні выбарчага заканадаўства падчас правядзення прэзідэнцай выбарчай кампаніі. Высланая інфармацыя з’явілася на мапе сайта electby.org

Сітуацыю каментуе юрыст кампаніі назірання “Права выбару-2015” Юрый Чавусаў:

— Гэтыя цішоткі, безумоўна, адносяцца да агітацыйнай прадукцыі — на іх нанесены слоган выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі і адпаведны лагатып, які выкарыстоўваўся як на стадыі збору подпісаў, так і цяпер на стадыі агітацыйнай кампаніі.

Юрыст кампаніі назіраня паведамляе, што продаж гэтых цішотак з'яўляецца яскравым прыкладам парушэння ўстаноўленага заканадаўствам парадку агітацыі. Згодна з ч.8 арт.48  Выбарчага кодэкса, грамадскія аб'яднанні, іншыя арганізацыі, не маюць права аказваць матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, апроч ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў у Прэзідэнты. Продаж агітацыйнай прадукцыі выбарчым заканадаўствам не прадугледжаны.

— У гэтым выпадку парушэнне здзейсненае як вытворцай гэтай прадукцыі, так і тым, хто здзяйсняе яе рэалізацыю на камерцыйнай аснове. Можна меркаваць, што робіцца гэта сіламі дзяржаўных прадпрыемстваў і лаяльнымі ўладам грамадскімі аб'яднаннямі, якія абвесцілі пра гэтак званую акцыю "За будучыню незалежнай Беларусі!". Гэтая акцыя адбываецца пад слоганам Лукашэнкі і рэалізуецца грамадскімі аб'яднаннямі, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, —  гаворыць Юрый Чавусаў.

Інфармацыю пра парушэнні выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі можа выслаць любы грамадзянін. Для гэтага неабходна ўсталяваць на свой смартфон праз Playmarket мабільную прыладу “Вочы” і выслаць паведамленне пра выпадак парушэння выбарчага заканадаўства. У прыладзе прадугледжана функцыя высылкі фота-, відэа- і аўдыё- матэрыялаў. Дадзеная прылада была распрацавана з удзелам спецыялістаў кампаніі назірання “Права выбару-2015”. Тыя, хто не маюць смартфонаў – могуць наўпрост звязацца з каардынатарамі кампаніі назірання “Права выбару-2015”. Усе неабходныя кантакты выкладзены на сайце pvby.org.

У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.