
«У нас спрабаваў удзельнічаць у выбарах сядзелец, яму было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Цяпер ён на волі — гэта спадар Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года, які ўзначаліў беспарадкі на плошчы Незалежнасці ў дзень выбараў 19 снежня», — сказала Ярмошына.
Паводле яе слоў, на момант падачы заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на цяперашніх выбарах Статкевіч знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі, і таму ў яго наогул адсутнічала выбарчае права.
«На сённяшні момант ён памілаваны і знаходзіцца на волі. Таму ён прапануе выбары, як ён кажа, адкруціць назад і зноў зарэгістраваць яго групу. Адразу ж магу сказаць, што нават калі б акт памілавання адбыўся раней, у выбарах ён удзельнічаць не мог бы, таму што ў нас не могуць быць зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты асобы з незнятай судзімасцю», — заявіла кіраўнік ЦВК.
Ярмошына ўдакладніла, што Статкевіч можа ўдзельнічаць у выбарах у якасці выбаршчыка, а таксама быць чыёй-небудзь даверанай асобай, «калі яго хтосьці пакліча да сябе ў каманду». «Ніхто яго, дзякуй богу, не паклікаў. Таму што ён проста рвецца ў бой, а ў даверанай асобы, скажам так, досыць шмат паўнамоцтваў — гэта правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі, арганізацыя мітынгаў. Калі чалавек не адказвае за свае дзеянні, за свае ўчынкі, вядома, даваць яму такія высокія паўнамоцтвы, гэта будзе, напэўна, яўным пераборам», — лічыць Ярмошына.