У Мінску запускаюць курсы беларускай мовы для бізнэсменаў

Прадстаўнікі камерцыйных кампаній атрымаюць магчымасць развіць навыкі вусных і пісьмовых дзелавых зносінаў для правядзення перамоў, нарад, прэзентацый і інтэрв'ю на беларускай мове.



mova.jpg

Ідэя стварэння курсаў па вывучэнні бізнэс-беларускай з'явілася ў Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнэсу (АЕБ). 
«Беларуская з'яўляецца адной з афіцыйных моў у краіне, аднак магчымасці і прапановы па вывучэнні дзелавой беларускай на дадзены момант адсутнічаюць і было вырашана запоўніць гэты прабел», — адзначаюць арганізатары. 
Буйныя прыватныя кампаніі ўсё часцей выкарыстоўваюць беларускую мову для прасоўвання сваёй прадукцыі і паслуг. У Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнэсу, у сваю чаргу, вырашылі падтрымаць гэтую тэндэнцыю і надаць бізнэс-беларускай большую значнасць, арганізаваўшы курсы па ёй. 
Першы курс заняткаў разлічаны на чатыры месяцы з 5 верасня па 12 снежня 2014. Заняткі будуць праходзіць раз у тыдзень з 9.00 да 10.30 раніцы па пятніцах у офісе АЕБ, размешчаным па адрасе вул. Казлова 7/535. Па завяршэнні навучання, будзе прадастаўлена магчымасць здаць распрацаваны Таварыствам Беларускай Мовы стандартызаваны тэст для праверкі ўзроўню ведання беларускай мовы.
БелаПАН