У траўні 500 аграсядзіб возьмуць удзел у "дні адкрытых дзвярэй"
Падчас свята турысты змогуць бясплатна наведаць сядзібы і пазнаёміцца з магчымасцямі адпачынку ў беларускай вёсцы.
"У гэтым годзе дзень адкрытых дзвярэй у беларускіх аграсядзібах адбудзецца 24 траўня. "Па традыцыі гэта мерапрыемства праходзіць у канцы траўня. У мінулым годзе яно праводзілася на працягу цэлага тыдня, магчыма, зараз аграсядзібы таксама будуць зацікаўлены ў тым, каб падоўжыць гэтую акцыю", — сказала старшыня праўлення БГА "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова.
Падчас свята турысты змогуць бясплатна наведаць сядзібы і пазнаёміцца з магчымасцямі адпачынку ў беларускай вёсцы. Як правіла, у гэты дзень кожная сядзіба сустракае наведвальнікаў спецыяльнай праграмай, гаспадары аграсядзібаў праводзяць экскурсіі і прэзентацыі мясцовых абрадаў, знаёмяць гасцей з турыстычнымі маршрутамі.
Валерыя Кліцунова адзначыла, што сёлета гаспадары беларускіх сядзіб зробяць стаўку на стварэнне турыстычнага прадукту, які будзе папулярны сярод моладзі. "Гэты год аб'яўлены ў краіне Годам моладзі, і прадстаўнікі аграэкатурызму зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць адпачынак у сядзібах яшчэ больш цікавым для моладзі", — адзначыла яна. Мяркуецца, што ў гэтым годзе ў конкурсе "Пазнай Беларусь" з'явіцца новая намінацыя — "Лепшы турыстычны прадукт для моладзі ў аграсядзібе".
Акрамя таго, аграсядзібы сёлета працягнуць стварэнне ўласных брэндаў. Зараз да гэтай працы далучаецца філіял кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносінаў БДУ, які адкрыўся на базе БГА "Адпачынак у вёсцы".