У вёсках Слонімшчыны 2759 пустых хатаў
Сёння на Слонімшчыне налічваецца 140 вёсак. З іх дзве вёскі — Прадзелкі і Кісялі — слонімцы называюць вёскамі-прывідамі.

У Прадзелках ужо дзесяць гадоў ніхто не жыве, а толькі ў летні сезон прыязджаюць туды некалькі асобаў, каб скапаць агароды і сёе-тое пасадзіць. А яшчэ ў 1905 годзе ў Прадзелках пражывалі 100 вяскоўцаў. А цяпер у вёсцы — пустэча.
Такая самая сітуацыя і з вёскай Кісялі, якая даўно сумуе без людзей. А ў ХІХ стагоддзі гэта была ўласнасць багатага Альфрэда Слізня, які ў суседняй вёсцы Новадзявяткавічы меў вялікі палац, які нават маляваў Напалеон Орда. Ды і жыхароў тады было ў Кісялях больш за 150 чалавек.
У 140 вёсках Слонімшчыны сёння налічваецца 7680 хатаў, з іх — 2759 не заселеныя людзьмі. А каля 100 зусім разваленыя.



