У затопленым Гродзенскім заапарку патанула 30 фазанаў
У выніку моцных дажджоў, якія прайшлі ў Беларусі ў мінулыя выходныя, у Гродзенскім заапарку ў падтопленых клетках загінула 30 фазанаў, паведамляе Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС.
Нагадаем, у начы з 12 на 13 ліпеня ў Гродзенскай вобласці выпаў 41 мм ападкаў пры сярэднямесячнай норме 77 мм, што прывяло да падтаплення 83 падворкаў і падвалаў прыватных домаўладанняў (з іх 73
— у Гродне), 23 будынкаў рознага прызначэння і 40 кватэр шматкватэрных жылых дамоў.
З-за падмывання грунту стварылася пагроза парушэння цэласнасці сцен і перагародак прыватнага жылога дома па вуліцы Спартакаўскай — вырашаецца пытанне аб адсяленні жыхароў у падменны
жылы фонд.
Пяць грамадзян у выходныя звярнуліся з заявамі пра падтапленні прыватных легкавых аўтамабіляў.
Па стане на 21.00 13 ліпеня вада з памяшканняў і падвалаў усіх будынкаў адпампавана. Пацярпелых людзей няма. Праца аб'ектаў жыццезабеспячэння не парушаная.
БелаПАН