У Змітра Бандарэнкі абвастрыліся хваробы

Жонка палітзняволенага Змітра Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, з ліста ад мужа даведалася пра абвастрэнне ў яго хваробаў. Як распавяла "Новаму часу" Вольга Бандарэнка, лісты ад мужа яна атрымлівае больш-менш рэгулярна.



cd9508fdaa5c1390e9cc329001cf1459.jpg

Жонка палітзняволенага Змітра Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, з ліста ад мужа даведалася пра абвастрэнне ў яго хваробаў.

Як распавяла "Новаму часу" Вольга Бандарэнка, лісты ад мужа яна атрымлівае больш-менш рэгулярна.

“З апошняга ліста вынікае, што ў яго абвастрыліся хваробы: баліць спіна, у яго падагра, яшчэ ў яго нейкі рэўматоідны артрыт — нешта з суставамі, да таго ж яшчэ ён і прастудзіўся, — кажа жонка палітвязня. — Гэта я ўжо цяпер ведаю, што яго ўсё ж былі паклалі ў санчастку. Але мне проста цікава, да якой ступені ён прастудзіўся, таму што калі ён спачатку зусім ніякі прыйшоў у санчастку, яму проста зрабілі ўкол, далі антыбіётыкаў і сказалі: ідзі. Ён запытаўся: можа, мне хаця б можна ўдзень прылегчы ў кубрыку? Яму адказалі: ідзіце і не гандлюйцеся. Але калі яго ўсё ж паклалі ў санчастку, то мне нават страшна ўявіць, што з ім здарылася пасля таго, як яго першы раз адправілі прэч, якая ў яго была тэмпература. А так у яго ўсё па-ранейшаму. Дзіма піша, што на хуткае вызваленне не разлічвае, але настрой у яго дастаткова баявы, як звычайна. Я ніколі не бачыла і не чула, каб ён быў у нейкім упадку ці дэпрэсіі. І зараз ён, так бы мовіць, у тонусе, хаця, шчыра сказаць, я сабе гэтага не ўяўляю.

Нагадаем, што Зміцер Бандарэнка падчас апошняй выбарчай кампаніі кіраўніка дзяржавы з’яўляўся даверанай асобаю кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава. Каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь атрымаў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за “арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія нібыта мелі месца ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 года. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Змітра Бандарэнку палітычным зняволеным. Ужо падчас знаходжання ў месцах пазбаўлення волі вязень перанёс цяжкую аперацыю на хрыбетніку. Калі Зміцер знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, у яго абвастрыліся хранічныя захворванні. Адміністрацыя Магілёўскай калоніі адмовілася хадайнічаць аб умоўна-датэрміновым вызваленні апазіцыйнага дзеяча, нават нягледзячы на кепскі стан ягонага здароўя.