Улады Берасця выступілі супраць «каларадскай» стужкі ў грамадскім транспарце

Чыноўнікі падтрымалі жыхарку, што напісала скаргу на кіроўцу маршруткі, на лабавым шкле якой вісела георгіеўская стужка.

Фота: bm.img.com.ua

Фота: bm.img.com.ua


Нядаўна берасцейка Ірына Лаўроўская ехала ў гарадской маршрутцы і пабачыла ў кіроўцы на лабавым шкле георгіеўскую стужку. Лаўроўская папрасіла яе зняць, але атрымала адмову ў грубай форме.
Пасля гэтага яна напісала скаргу дырэктару камунальнага транспартнага прадпрыемства «Брэстгартранс».
Прадстаўнікі ўлады паставіліся да звароту Лаўроўскай сур’ёзна. «Брэстгартранс» і берасцейскі гарвыканкам папрасілі ў яе прабачэння, а таксама паведамілі, што правялі адмысловы сход па недапушчальнасці размяшчэння ў грамадскім транспарце розных сцягоў і рэлігійнай атрыбутыкі.
Артыкул 194 ПДР Беларусі забараняе ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з налепкамі і абʼектамі, які мяшаюць агляду. Да такіх можна аднесці стужкі і любыя сцягі. Такога кіроўцу могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Нагадаем, што памаранчава-чорную стужку, якую ў Расеі называюць «георгіеўскай», пачалі пазбягаць у Беларусі праз год пасля таго, як яна фактычна зрабілася сімвалам расейскіх акупантаў і прарасейскіх сепаратыстаў ва Украіне.
Непасрэдна забараняць яе не сталі, але прапанавалі альтэрнатыву ў «добраахвотна-прымусовым» парадку: чырвона-зялёную стужку колераў дзяржаўнага сцяга з кветкаю яблыні, якая павінна сімвалізаваць травень, калі здабылі перамогу над фашысцкаю Нямеччынаю.
Паводле belsat.eu