«Вы не можаце называцца беларусамі! Здраднікі!» Баскаў пракаментаваў адмену ў Мінску хакейнага ЧС

Пра беларускі народ, дзетак і бяспеку ў Беларусі палымяна разважае чалавек, якога падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі.



photo5292058183449292846_1.jpg

Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў выступіў з каментарыем паводле адмены ў Мінску чэмпіяната свету па хакеі.

— Хачу персанальна звярнуцца да прадстаўнікоў так званага Фонду салідарнасці спартоўцаў,цытуе Басквава прэс-служба ФХБ. — Асабліва да былых прафесійных спартсменаў. Сёння вы святкуеце перамогу, адабраўшы ў беларускага народа сапраўднае свята. Пасля гэтага вы не можаце называцца беларусамі! Вы здраднікі!

Вы забралі чэмпіянат свету, у першую чаргу, у тысячы дзяцей, якія займаюцца хакеем. Гэтыя 17 дзён, на працягу якіх доўжыцца чэмпіянат свету, маглі б прыцягнуць у нашу краіну не толькі сусветных хакейных зорак, сапраўдных куміраў мільёнаў хлапчукоў па ўсім свеце, на якіх раўнялася б новае пакаленне хакеістаў, але і дзясяткі тысяч замежных балельшчыкаў і сотні прадстаўнікоў СМІ, якія маглі б на ўласным вопыце пераканацца ў неверагоднай прыгажосці Беларусі, гасціннасці нашага народа і ўзроўні бяспекі ў нашай краіне.

Нам шкада, што Міжнародная федэрацыя хакея і найбуйнейшыя сусветныя брэнды, якія падтрымліваюць развіццё сусветнага хакея, сталі ахвярамі палітычных гульняў вакол Беларусі. Нашай краінай была праведзена вялікая праца спачатку па падрыхтоўцы заяўкі на правядзенне 2021 чэмпіянату свету па хакеі ІІХФ, а пасля — непасрэдна па арганізацыі турніру. Са свайго боку, мы па-ранейшаму лічым, што і чэмпіянат свету ў 2021 годзе не стаў бы выключэннем, а як мінімум паўтарыў поспех турніру, які мы ўжо прымалі ў 2014 годзе.

Акрамя таго, правядзенне чэмпіянату ў Мінску магло даць штуршок не толькі развіццю дзіцячага спорту, але і турыстычнай індустрыі, гарадской інфраструктуры. Безумоўна, мы знойдзем гэтыя пункты росту самастойна, але «палітычная гнуткасць» міжнародных інстытутаў ужо ўвойдзе ў гісторыю, тым самым стварыўшы прэцэдэнт для наступных маніпуляцый.

На жаль, працэдура, прадугледжаная Міжнароднай федэрацыяй хакея, не прадугледжвае магчымасці апеляцыі.

Нагадаем, што Фонд спартыўнай салідарнасці, на які скардзіцца Баскаў — гэта аб'яднанне беларускіх атлетаў і функцыянераў, якія выступаюць за перамены ў краіне, чэсныя выбары і супраць гвалту. Праз гэта многія актывісты Фонда вымушаны жыць за мяжой. Там яны актыўна камунікуюць з міжнароднымі спартыўнымі інстытутамі, распавядаючы ім пра даказаныя факты рэпрэсій беларускіх уладаў адносна свабодных спартсменаў.

У розны час пасля выбараў было рэпрэсавана шмат айчынных атлетаў. Так, Алена Леўчанка адседзела 15 сутак на Акрэсціна, дзе адключалі ваду і камунікацыі. Праз гэта ў сусветна вядомай баскетбалісткі завяліся вошы. У Жодзіна на суткі патрапілі вядомы легкаатлет і алімпійскі прызёр Андрэй Краўчанка і кікбаксёр-чэмпіён Іван Ганін — над абодвума ў ізалятары здзекваліся. Славуты трэнер па кікбоксінгу Юрый Булат падчас адсідкі 15 сутак патрапіў на Акрэсціна ў карцар.

Акрамя зняволення, беларускіх атлетаў, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, падвяргаюць іншым рэпрэсіям — даюць штрафы, звальняюць з працы, пазбаўляюць стыпендый, пагражаюць мабілізацыяй у войска.

У той жа час Дзмітрый Баскаў засвяціўся ў адной з самых трагічных гісторый паслявыбарнай Беларусі. Калі 11 лістапада на Плошчы Перамен атрымаў траўмы, а на наступныя суткі памёр у бальніцы мінскій мастак Раман Бандарэнка. Падчас затрымання Рамана побач знаходзіліся людзі, вельмі падорбныя на Баскава і адзінаборца Дзмітрыя Шакуту. З  той пары прайшло больш за два месяцы, але кіраўнік ФХБ уцямна так і не пракаментаваў той выпадак. Як і зліты аудыёзапіс, на якім голас Баскава абмяркоўвае з голасам, падобным да прэс-сакратаркі Лукашэнка Наталлі Эйсмант, тактыку рэйда па мінскіх дварах дзеля зразання бела-чырвоных стужак.

Нагадаем, што па матывах смерці Рамана Бандарэнка ІІХФ узбудзіла спецыяльнае расследаванне адносна Дзмітрыя Баскава. Вынікі яго пакуль не агучаныя.