Выкладчыкі ЕГУ пікетуюць МЗС Літвы

Каля дзесятка выкладчыкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту пікетуюць будынак Міністэрства замежных спраў Літвы.



ehu2.jpg

Яны трымаюць плакаты, напісаныя па-ангельску: «Злачынства супраць гуманітарных ведаў», «Мы — не гастарбайтэры», «Вярніце Церашковіча!», «Дзе нашыя правы?»
18 лютага ў будынку МЗС Літвы праходзіць канферэнцыя донараў ЕГУ.

«Разглядаецца пытанне пра дадатковае фінансаванне ЕГУ, якое кіраўніцтва ўніверсітэту просіць для працягу сваіх рэформаў, — паведаміў Радыё Свабода ўдзельнік пікету, адзін з выкладчыкаў ЕГУ Максім Жбанкоў.— Структуры, якая перажывае крызіс і не мае выйсця з яго, небяспечна даваць грошы. Перадусім трэба вырашаць пытанне сістэмнага крызісу».


17 лютага прафесара Паўла Церашковіча, які прадстаўляе дэмакратычную платформу «За новы ЕГУ», выключылі са спісу ўдзельнікаў донарскай канферэнцыі ЕГУ.

Канфлікт у ЕГУ


Канфлікт адміністрацыі ўніверсітэту і выкладчыкаў ЕГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Платформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.
13 студзеня рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэнне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пасадаў.
Старшыня сенату ЕГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасці і празрыстасці гэтага конкурсу. Асноўная асцярога, якую маюць прадстаўнікі сенату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.
9 лістапада прайшлі выбары ў сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, які працуе ў Вільні. Сенат — галоўны орган акадэмічнага самакіравання. У сенат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай платформы «За новы ЕГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ планам развіцця ўніверсітэту.
5 лютага з ЕГУ звольнілі прафесара Паўла Церашковіча.
А ўжо 6-га выкладчыкі ЕГУ заклікалі рэктара Анатоля Міхайлава сысці ў адстаўку. Сенат таксама выказаў недавер прарэктарам Бярнардасу Гайлюсу і Аляксандру Каўбаску.
11 лютага адміністрацыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту выступіла  з заявай, у якой паведамляе, што пагадзілася на просьбы выкладчыкаў, якія хочуць працаваць паводле доўгатэрміновых працоўных дамоваў.
svaboda.org