Зняволеныя ў Беларусі змогуць атрымліваць вышэйшую адукацыю
Зняволеныя ў Беларусі змогуць дыстанцыйна атрымліваць вышэйшую адукацыю.
![novosady_zona_10.jpg novosady_zona_10.jpg](/img/v1/news/full/novosady_zona_10.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка па арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці Алег Літвінаў. Паводле яго слоў, эксперыментальны праект пачне рэалізоўвацца ў гомельскай папраўчай калоніі № 4, якая з'яўляецца жаночай. У ёй адкрыюць Цэнтр дыстанцыйнага доступу да электроннага адукацыйнага асяроддзя.
Як інфармуе БЕЛТА, атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях "псіхалогія", "юрыспрудэнцыя" і "менеджмент" маюць намер 16 жанчын. Аднак студэнткамі яны стануць толькі пасля паспяховай здачы першай сесіі. Навучанне будзе працягвацца 4 гады.
У сумесным міжнародным сацыяльным праекце "Адукацыя адкрывае дзверы" паўдзельнічалі Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі, таварыства Deutscher Volkshochschul-Verband (Нямеччына) і Гомельскае абласное грамадскае аб'яднанне"Сацыяльныя праекты".