Зоаабаронцы зрабілі ўжо тры беспаспяховыя спробы прыняць закон аб абыходжанні з жывёламі
Прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый Беларусі прапаноўваюць унесці шэраг зменаў у правілы ўтрымання свойскіх сабак і катоў, а таксама адлову бяздомных жывёл. Прапановы прагучалі 4 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны жывёл, які адзначаюць сёння.
На думку старшыні грамадскага аб'яднання біёлагаў па абароне жывёл "Абаронім жыццё" Алены Цітовай, новымі правіламі неабходна ўстанавіць забарону на выкарыстанне электрычнага току пры адлове жывёл, а таксама на куплю і выкарыстанне курарэпадобных прэпаратаў, ад якіх жывёлы паміраюць у пакутах.
Як зазначыла старшыня грамадскага аб'яднання абароны жывёл "Заасвет" Маргарыта Пушкевіч, вырашэнне праблем бяздомных жывёл "павінна быць комплексным, іх
можна вырашыць толькі на дзяржаўным узроўні".
Грамадскія арганізацыі шмат гадоў выступаюць за прыняцце ў Беларусі закона аб абароне жывёл. З 2001 года былі зроблены тры спробы прыняць закон "Аб абыходжанні з
жывёламі", але ўсе яны аказаліся беспаспяховымі.
Фота Васіля Сямашкі, БелаПАН