Жонка Дзмітрыя Дашкевіча не выключае яго датэрміновага вызвалення
Жонка лідара незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Дзмітрыя Дашкевіча не выключае яго датэрміновага вызвалення.
Вечарам 25 чэрвеня Анастасія Дашкевіч (Палажанка) паведаміла ў сацыяльных сетках пра тэлефанаванне з УУС Першамайскага раёна Мінска. «Пыталіся ў таты,
а потым і ў мяне, ці не супраць мы, каб Дзмітрый Дашкевіч жыў у нас», — напісала яна.
Паводле слоў жонкі Дашкевіча, з гэтага вынікае, што «турма рыхтуе дакументы на нагляд».
Жонка палітыка адзначыла ў экспрэс-каментарыі БелаПАН, што ён павінен выйсці на волю 28 жніўня. «Такое ранняе тэлефанаванне можа сведчыць пра
датэрміновае вызваленне. З іншага боку, нельга выключаць і таго, што падаплёкі тут ніякай няма. Калі б размова ішла пра Статкевіча, якому яшчэ сядзець доўга, тады можна было б гаварыць пра
ўплыў пацяплення адносінаў з Еўропай», — сказала Дашкевіч. Пры гэтым яна адзначыла, што ў 2008 годзе, падчас папярэдняй адлігі ў адносінах паміж Мінскам
і Еўрасаюзам, лідара «МФ» выпусцілі за паўтара месяца да заканчэння тэрміну.
24 сакавіка 2011 года Дзмітрый Дашкевіч быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года ў Мінску, за суткі да прэзідэнцкіх выбараў. У двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля ён разам з таварышам па «МФ» Эдуардам Лобавым нібыта збілі грамадзян Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава было прэвентыўнай мерай міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія прайшлі на наступны дзень. 28 жніўня 2012 года ў глыбоцкай калоніі Дашкевіч атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».