10 беларускіх песень да Дня роднай мовы

21 лютага па ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды вырашылі скласці для вас падборку мілагучных і прыгожых беларускіх песень. Прыемнага праслухоўвання!

Зміцер Вайцюшкевіч — «Дзе мой край?»


Адна з найбольш вядомых песень З. Вайцюшкевіча была напісана на словы Уладзіміра Караткевіча. Ёсць у ёй радкі прысвечаныя і мове:
Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі, Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Вальжына Цярэшчанка — «Запяі мне песню»


Аўтаркай радкоў дадзенай песні з’яўляецца Ларыса Геніюш. Неверагоднае прачытанне гэтаму вершу дала Вальжына Цярэшчанка, якая запісала не адну песню на словы славутай беларускі. На вечарынах памяці Анатоля Сыса часта прыгадваюць, што менавіта гэту песню любіў слухаць А. Сыс.

Андрэй Мельнікаў — «Я сын таго краю»



У час, калі шмат нашых суайчыннікаў пакінулі межы Беларусі, вельмі актуальна гучаць радкі верша-гімна Алеся Змагара — удзельніка Слуцкага збройнага чына, які большую частку жыцця пражыў у эміграцыі. У радках верша аўтар зафіксаваў сваю прыналежнасць да беларускай зямлі, будучы на іншым кантыненце.

Стары Ольса — «Ружа-кветка»


Беларуская народная песня ў выкананні легенд беларускай музычнай сцэны «Стары Ольса». Музыкі выконваюць песню па ўсім свеце і знаёмяць замежнікаў з беларускай культурай. Мілагучныя спевы дапаўняе гучанне старадаўніх беларускіх музычных інструментаў.

IQ48 — «Святло ў цемры» 


У нашу падборку не магла не трапіць песня на словы Міхала Анемпадыстава. Адзін з самых вядомых рок-паэтаў Беларусі пісаў песні для розных гуртоў, але ў любым выпадку яны станавіліся хітамі.

Dzieciuki — «Калі над лугам бусел праляцеў»



Не так шмат беларусаў знаёмыя з творчасцю сучаснага паэта Алеся Чобата, больш людзей чулі песні гурта «Dzieciuki». Вельмі актуальныя радкі да нашых часоў, тым больш што хутка вясна і буслы будуць вяртацца дадому.

Кася Камоцкая — «Мая краіна»



Песня на словы Міхала Анемпадыстава стала сапраўдным гімнам беларускамоўнай Беларусі ў 1990-я. Але як і большасць твораў з тых часоў cталі актуальныя і зараз.

Данчык — «Зорачкі»



Песня на словы С.Новік-Пяюна і неверагоднае выкананне Данчыка зрабілі песню хітом канца 80-х – пачатку 90-х. Голас Данчыка шмат у каго выклікае слёзы, настолькі чула ў яго атрымліваецца выконваць беларускія песні. Для кагосьці песні Данчыка — гэта прыклад беларускага вымаўлення, нягледзячы на тое, што сам Данчык нарадзіўся і жыве за мяжой.

Песняры — «Пагоня»



У сваёй падборцы не маглі абысці «Песняроў» — пэўна, самага вядомага беларускага калектыва, які выконваў беларускамоўныя песні. Калісьці, менавіта радкі верша Максіма Багдановіча прапанавалі зрабіць беларускім гімнам, але лёс склаўся інакш…

Ілля Сільчукоў — «Мова»



Песня з аднайменнай назвай павінна была з’явіцца ў нашай падборцы. І калі яе выконвае оперны спявак, то яшчэ цікавей. Ілля Сільчукоў стаў шырока вядомы сваім выкананнем духоўнага гімна Беларусі «Магутны Божа», але яго рэпертуар багаты і на іншыя знаходкі. Датычна гэтай падборкі мы, натуральна, абралі іншую, больш адпаведную святу песню.