Андрусь Такінданг: Валоданне мовамі робіць нас свабодным
Больш за 17 000 школьнікаў краіны далучыліся да інтэрактыўных урокаў «Чытаем па-беларуску з velcom»

Серыя інтэрактыўных заняткаў праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» завяршылася ў Магілёўскай вобласці. Больш за 3000 малодшых школьнікаў у 25 школах і гімназіях рэгіёна атрымалі дадатковыя веды па беларускай мове. Магілёўскі этап завяршыўся вялікім спецыяльным урокам для 100 вучняў 2–3 класаў у гарадской Ратушы — Музеі гісторыі Магілёва. Больш за 17 000 малодшых школьнікаў з 140 устаноў адукацыі Мінска, Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей ужо прынялі ўдзел у незвычайнай ініцыятыве.
Галоўная мэта праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» — развіць цікавасць у малодшых школьнікаў па ўсёй краіне да беларускай мовы, літаратуры і культуры. Для гэтага распрацавана спецыяльная інтэрактыўная праграма заняткаў, а праводзяць іх незвычайныя настаўнікі: пісьменнікі, акцёры, спартоўцы і тэлевядучыя. Ініцыятарам адукацыйнай ініцыятывы з'яўляецца кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

На Магілёўшчыне ўрокі праекта прайшлі ў школах і гімназіях Бабруйска, Горак, Асіповіч, Крычава і Магілёва. Вядомыя пісьменніцы Раіса Баравікова і Наталля Бучынская, казачніца Алёна Масла, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі, тэлевядучы Юры Жыгамонт распавялі вучням 2–3 класаў пра беларускую літаратуру, мову і культуру. Школьнікаў Бабруйска сваімі песнямі і загадкамі на беларускай мове пацешыў музыка Андрусь Такінданг. А Уладзімір Ліпскі ў рамках праекта правёў творчую сустрэчу са студэнтамі Горацкага педагагічнага каледжа на якой распавёў, як не страціць радасць ад працы з дзецьмі на працягу шматлікіх гадоў і падзяліўся ўласным досведам камунікацыі з падрастаючым пакаленнем.

«Валоданне мовамі робіць нас больш свабоднымі і шчаслівымі. Што датычыцца непасрэдна беларускай мовы, то ведаць яе варта для камунікацыі між сабой і «вандровак» у свет літаратуры, а колькі прыгожых песняў напісана па-беларуску! Каб карыстацца культурным багаццем нашай краіны і ствараць новыя шэдэўры, варта ведаць родную мову. Тым больш гэта актуальна для нашага малодшага пакалення. Таму вельмі добра, што такія праекты па распаўсюджванню беларускай мовы, як «Чытаем па-беларуску з velcom», існуюць», — адзначыў Андрусь Такінданг.
Спецыяльны ўрок з удзелам у якасці настаўнікаў брамніка ФК «Днепр» Руслана Капанцова і прэс-аташэ клуба Андрэя Ільені прайшоў у музеі гісторыі Магілёва — гарадской Ратушы. Падчас уроку прадстаўнікі футбольнага клуба распавялі пра тое, чаму важна размаўляць на роднай мове і правялі інтэрактыўную гульню са школьнікамі на веданне спартыўных тэрмінаў.

«Мы з радасцю адгукнуліся на прапанову прыняць удзел у ініцыятыве «Чытаем па-беларуску з velcom». Наш футбольны клуб не можа застацца ўбаку ад падобных праектаў, мы хочам дапамагчы ў фармаванні беларускай нацыі. Вельмі важна, што падобныя ініцыятывы праходзяць у навучальных установах. Таму што менавіта на гэтым узроўні фарміруецца самасвядомасць чалавека. І чым адукаваней будзе новае пакаленне, тым больш мы зможам казаць пра адраджэнне нацыянальнай ідэнтычнасці», — адзначыў прадстаўнік прэс-службы футбольнага клуба «Днепр» Андрэй Ільеня.

Паводле прэс-службы velcom