Brutto Сяргея Міхалка выдаў дэбютны альбом «Underdog»
Пасля 12 дзён існавання новы гурт Сяргея Міхалка Brutto прэзентуе дэбютны альбом «Underdog».
У маніфесце да кружэлкі пазначана: «З намі — зямля нашых бацькоў, з намі — нашы жонкі і дзеці. Мы — не адзіночкі. Побач — нашы сябры. Не замінайце
нам мірна жыць, інакш атрымаеце п*ды. Мы прыйшлі даўно, а сыдзем няхутка».
На дыску 12 песень. Некалькі з іх экс-лідар «Ляпісаў» і сябры-баксёры спяваюць па-беларуску і па-англійску. Збольшага, трэкі альбома вытрыманы ў стылістыцы, уласцівай
«Ляпісу Трубяцкому» апошніх сямі гадоў.
Нагадаем, 1 верасня гурт «Ляпіс Трубяцкі» спыніў існаванне. А на яго аскепках адразу ўзніклі дзве фармацыі: «Трубяцкой» з Паўлам Булатнікавым і Brutto з
Сяргеем Міхалком.
Прэзентацыйнае відэа Brutto на аднайменную песню за тыдзень набрала больш за 200 тысяч праглядаў. А 9 верасня быў прэзентаваны другі, аднайменны альбому кліп гурту.
euroradio.fm