Далёкі блізкі космас Янкі Маўра

Ён пісаў пра палёт на Марс, калі жыла яшчэ надзея знайсці там разумнае жыццё. Яго героі пабывалі на Месяцы яшчэ да таго, як міжпланетная станцыя «Луна-2» пакінула там свой вымпел. І ён паказаў, што і пад небам Беларусі ёсць свая, не заўважаная яшчэ рамантыка, свая нявыказаная прыгажосць.



Янка Маўр. Кактэбель, фота з сайта nlb.by

Янка Маўр. Кактэбель, фота з сайта nlb.by


Сорак дзевяць гадоў таму, 3 жніўня 1971 года, не стала Янкі Маўра, агульнапрызнанага «бацькі» беларускай дзіцячай літаратуры, які прыйшоў у яе ў другой палове 20-х гадоў ХХ ст.
Ён працягнуў і замацаваў працэс «суверэнізацыі» дзіцячай літаратуры. Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Я. Колас, Я. Купала, З. Бядуля служылі як бы мастком паміж «дарослай» і дзіцячай літаратурамі, дык з прыходам Я. Маўра апошняя пачала выходзіць на самастойны шлях.
Іван Міхайлавіч Фёдараў нарадзіўся 10 мая 1883 г. у Лібаве (Латвія). Бацька рана памёр, і разам з маці малы Янка пераехаў на яе радзіму ў вёску Лебянішкі былой Ковенскай губерні. У 1895 г. ён закончыў пачатковую школу, а ў 1899-м — Ковенскае рамеснае вучылішча, пасля чаго паступае ў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, адкуль у канцы 1902 г. за вальнадумства, «за сумненні ў рэлігіі», яго выключаюць з апошняга, выпускнога, класа. Здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс, ён пачаў працаваць у школе пад Панявежам (Новае Месца), затым быў пераведзены ў вёску Бытча на Барысаўшчыне.

Я.Маўр — семінарыст Панявежскай настаўніцкай семінарыі

Я.Маўр — семінарыст Панявежскай настаўніцкай семінарыі


Яркая падзея ў біяграфіі пісьменніка — удзел разам з Якубам Коласам у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына ў 1906 г. (Пасля заручынаў сына Я. Коласа і дачкі Я. Маўра пісьменнікі стануць сватамі).
Выкладчыцкую працу І. Фёдараў пакінуў у 1930 г., аднак у душы ён застаўся настаўнікам. Літаратурная творчасць напачатку і выспявала з патрэбаў педагагічнай працы, з жадання захапіць вучняў прагай ведаў аб бязмежнасці свету і няспыннасці развіцця чалавецтва, а ў хуткім часе стала неадольнай творчай патрэбай, унутранай неабходнасцю, выкліканай загадкай самога феномена дзіцяці, што прыцягвала яго як бацьку, як настаўніка, як чалавека наогул і, нарэшце, як пісьменніка.

Я.Маўр – памочнік настаўніка пачатковай школы ў мястэчку Новае Места (Літва) 1905 г. Фота з вікіпедыі

Я.Маўр – памочнік настаўніка пачатковай школы ў мястэчку Новае Места (Літва) 1905 г. Фота з вікіпедыі


У пошуках гэтай разгадкі ён ішоў ад вытокаў — пачынаючы з гісторыі чалавека наогул. У аповесці «Чалавек ідзе» ён зазірнуў у глыбіні стагоддзяў, звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі той толькі «станавіўся на ногі».
Услед за «падарожжам» у глыбіню вякоў пачаліся «падарожжы» Я. Маўра па вялікай карце свету: на Вогненную Зямлю і Новую Гвінею, у Інданэзію, Кітай, Цэйлон і чароўны Неапаль. Адна за адной выходзяць аповесці так званага майн-рыдаўскага цыкла: «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1927), у якіх аўтар выступае як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, як паўнамоцны прадстаўнік шматпакутных абарыгенаў Паўночна-Заходняй Афрыкі і наогул усіх прыгнечаных…
Творчасць Я. Маўра не абмяжоўвалася ўдалымі спробамі стварэння прыгодніцкай аповесці. Ён прыступае да ажыццяўлення больш маштабнай задумы: напісання прыгодніцкага рамана «Амок», першага ў беларускай літаратуры. Матэрыялам для рамана паслужылі рэальныя падзеі: рэвалюцыйнае паўстанне на Яве ў 1926 г. Назву «Амок» аўтар, паводле ўласнага прызнання, «дэманстратыўна ўзяў ад нашумелай у тыя гады аповесці Стэфана Цвэйга, які ўклаў у гэтае слова нейкі містычны сэнс». Я. Маўр не падзяляе погляду аўстрыйскага пісьменніка на амок, гэтую страшэнную хваробу яванцаў, як сляпую, стыхійную сілу, загадкавую і невытлумачальную. Для Я. Маўра хвароба бедняка-селяніна Па-Інга — сацыяльная, вынік гора і роспачы даведзенага да галечы прыгнечанага народа.
Як і ў папярэдніх аповесцях, пісьменнік ідзе ў ажыццяўленні свайго намеру шляхам аналогіі далёкага з блізкім, параўноўваючы экзатычны жывёльны і раслінны свет з флорай і фаўнай свайго роднага краю. Пры такім супастаўленні ў яго вельмі далікатна выяўляецца і патрыятычнае пачуццё, павага да права кожнага народа любіць сваю, самую прыгожую, самую цудоўную, зямлю: «Нашыя людзі кажуць, што ўсе гэтыя штукі (маюцца на ўвазе саўмяніла, дур’ян, мангустан, рамбутан, дуку, дыні, — Э.Г.) няварты адной добрай антонаўкі. Мусіць, яванец таксама не аддаў бы свайго дур’яну за ўсе нашы яблыні і грушы».
У 30-я гады Я. Маўр, нібы насыціўшыся «экзатычным», іншаземным матэрыялам, звяртаецца да роднай жыццёвай рэальнасці, у якой дзейніча­юць юныя героі. У гэтым сэнсе до­сыць паказальная аповесць «Палескія рабінзоны». Выкарыстаўшы матыў рабінзанады, падказаны сусветна вядомым «Рабінзонам Круза» Д. Дэфо, Я. Маўр развенчвае псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краінаў, якое часта абарочваецца няўвагай да свайго краю, няведаннем яго. Ён паказвае, што і пад небам Беларусі, у далёкіх і блізкіх яе кутках, ёсць свая, не заўважаная яшчэ рамантыка, свая нявыказаная прыгажосць.
Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці прасочваецца і ў «ТВТ» (1934), своеасаблівай сярод іншых тагачасных аповесцей, такіх, як «Міколка-паравоз» М. Лынькова, «Патрык-завадатар» Ф. Шынклера, «Жэнька» М. Багуна, «Перамога» А. Якімовіча і інш. Гэта была цікавая спроба сінтэзу рэалістычна-бытавой і прыгодніцкай аповесці.
У арыентацыі пісьменніка на самадзейнасць, на ўласную ініцыятыву дзяцей, на выкарыстанне гульні як формы іх дзейнасці і падключэння да жыцця з яго «грубай прозай» «ТВТ» прыкметна пераклікаецца з гайдараўскім «Цімурам і яго камандай». На гэтай падставе рэтраграды, якія не прынялі «ТВТ», папракалі аўтара ў перайманні Гайдара. Аднак аповесць «Цімур і яго каманда» напісана на 6 гадоў пазней за «ТВТ»!
Пераклічка твораў сведчыць аб блізкасці шляхоў, якімі ішлі пісьменнікі. Абодва яны, кожны па-свойму, сваімі спецыфічнымі сродкамі маляўнічасці давалі ўрок нестандартнага, нестэрэатыпнага падыходу да самавызначэння і самасцвяр­джэння юнай асобы. I беларускі аўтар быў тут першы.
Вялікую Айчынную вайну Я. Маўр, апынуўшыся ў Новасібірску, затым у Алма-Аце, перанёс як цяжкое выпрабаванне фізічных і духоўных сілаў, нават як «псіхічную траўму». У 1943 г. пісьменнік пераехаў у Маскву, дзе, моцна захварэўшы, трапіў у бальніцу. Вярнуўся ў Мінск пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі…
Пасляваенны перыяд у творчай біяграфіі пісьменніка адзначаны стварэннем новых жанравых формаў: навукова-фантастычнай і аўтабіяграфічнай аповесцей. «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954) — гэта трэці «заход» аўтара ў асваенні жанру навуковай фантастыкі: подступамі да яго з’явіліся фантастычная казка «Вандраванне па зорках» (1927), а затым — «Аповесць будучых дзён» (1932) — у жанры сацыяльнай утопіі.
Я. Маўр пісаў пра палёт на Марс, калі жыла яшчэ надзея знайсці там разумнае жыццё. Яго героі пабывалі на Месяцы яшчэ да таго, як аўтаматычная міжпланетная станцыя «Луна-2» пакінула свой вымпел на гэтай планеце. Беларускі пісьменнік выступаў як празарліўца, як прадказальнік (услед за Цыялкоўскім) эры касмічных палётаў. Але Янку Маўра цікавіла не столькі навуковая ідэя сама па сабе (хоць ён выкарыстоўвае багаты пазнавальны матэрыял), колькі маральна-этычны і гуманістычны яе аспект, праблема чалавечых узаемаадносінаў, будучых кантактаў пры сустрэчы розных цывілізацый…