“Гальшанскі замак-2012”: адкрыты ўрок рыцарства

Адна з самых важных задач фестывалю “Гальшанскі замак, якую паставілі перад сабой арганізатары, — прыцягненне ўвагі дзяржаўных і прыватных структур да лёсу гэтай пярліны сярэднявечнага абароннага дойлідства, якая, па словах знанага даследчыка сярэдневечча Міхася Ткачова, з’яўляецца “ілюстрацыяй тых змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзяў.



58ec998e5f04921d22afdd67759db6e4.JPG

Адна з самых важных задач фестывалю “Гальшанскі замак, якую паставілі перад сабой арганізатары, — прыцягненне ўвагі дзяржаўных і прыватных структур да лёсу гэтай пярліны сярэднявечнага абароннага дойлідства, якая, па словах знанага даследчыка сярэдневечча Міхася Ткачова, з’яўляецца “ілюстрацыяй тых змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзяў.
Фэст праводзіцца не толькі для папулярызацыі старонак гісторыі гальшанскай зямлі і яе выдатных асоб — князёў Гальшанскіх і пачынальніцы дынастыі Ягелонаў Сафіі Гальшанскай ў прыватнасці, але і для актывізацыі больш канкрэтных спраў. Галоўная з іх — аднаўленне Гальшанскага замка. Праўда, у гэтай высакароднай справе важна заставацца рэалістамі: хоць замак яшчэ магчыма аднавіць, але дзеля гэтага неабходна шмат падрыхтоўчай працы. Цяпер актуальнай застаецца кансервацыя таго, што ў будучым можа стаць падставай для паўнавартаснага аднаўлення замка.

  Памяць пра Сафію Гальшансую жыве
Пра гэтую праграму і шляхі яе рэалізацыі ішла размова падчас прэс-канферэнцыі, у якой удзельнічалі намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама А. Саванец, старшыня Гальшанскага сельскага выканаўчага савета В. Коўзан і кіраўнік праекта па даследаванню і аднаўленню замка І. Раханскі. Журналісты і ўдзельнікі фестывалю “Гальшанскі замак з цікаўнасцю даведаліся пра тыя захады, якія робяцца для выратавання ўнікальнага помніка сярэднявечнай архітэктуры. З цяперашнім станам навукова-даследчых работ па вывучэнню гісторыі і стану замкавых сцен і вежаў для мясцовых жыхароў і гасцей мястэчка была створана тэматычная выстава “Гальшанскі альфабэт, з якой можна было пазнаёміцца ў сельсавеце.

    Рыцарскі бугурт
Вынік прэс-канферэнцыі падвёў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Анатольевіч Саванец, які падкрэсліў: “Праект па аднаўленню Гальшанскага замка быў унесены ў дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі і таму мы пачалі працу над рэалізацыяй пачатковай яго часткі — праекта “Дух рамантычных руін, які з’яўляецца ўнікальнай спробай віртуальнага ўзнаўлення тагачаснай эпохі, калі тут жыла Сафія Гальшанская. Спадзяемся, што пасля віртуальнай часткі надыдзе і чарга рэстаўрацыйна-аднаўленчай. І ўжо зроблены першыя крокі да гэтай стадыі. Прынамсі, пачалося добраўпарадкаванне замкавай тэрыторыі і выкашана двухмятровая трава, што паспрыяла турыстам, якія больш актыўна наведвалі вежы, былыя залы і пакоі замка.

   Набывайце індульгенцыю
Пашырэнне ведаў пра эпоху Соф’і Гальшанскай і гістарычных падзей, звязаных з мястэчкам, якія папярэднічалі з’ўленню дынастыі Ягелонаў, былі прысвечаны тэатралізаваныя пастаноўка “Сватаўство Ягайлы да Соф’і Гальшанскай і “Каралеўскае вяселле ў выкананні тэатра “Падарожжа ў сярэднявечча з горада Ліда. За выняткам некаторых недахопаў і зацягнутасцей у сцэнічнай дзеі, пастаноўка выклікала жывую цікаўнасць і апладысменты тых, хто завітаў на адкрыццё ІІІ фестывалю “Гальшанскі замак.

   Малы рыцар. Да паядынка гатовы!
Асаблівая ўвага мясцовых жыхароў і турыстаў, якія ў гэты дзень трапілі на свята, была аддадзена музычна-харэаграфічнаму спектаклю “Карнавал стагоддзяў, які і надаў тэматычную скіраванасць усяму сёлетняму фэсту ў Гальшанах. Маладыя і гожыя танцоркі і танцоры з тэатраў сярэднявечнай культуры “Фламея і “Яварына нагадалі гледачам, што і як танчылі людзі ў часы Сярэднявечча. Ну, а ўдзельнікі клуба “Залатая шпора запрашалі прысутных на шляхецкія балі, якія праводзіліся напярэдадні руска-французкай вайны 1812 года. Далей танцавальнае шоу перарасло ў сапраўдны баль каля муроў Гальшанскага замка, на якім ужо жадаючыя змаглі павальсіраваць з маладымі паненкамі і стромкімі ўланамі. Увогуле, рэканструкцыя і знаёмства з рэаліямі эпохі вайны 1812 года — навінка сёлетняга “Гальшанскага замка.
А ў гэты час на фестывальных пляцоўках адбываліся цікавыя дзеі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі. На іх можна было пабачыць прадстаўнікоў розных прафесій і як яны працавалі ў часы Сярэднявечча. Ля муроў Гальшанскага замка разгарнулі свае варштаты ткачы, ганчары і кавалі, якія прапаноўвалі жыхарам мястэчка і гасцям навучыцца азам прафесіі, сваімі рукамі вырабіць рэч, якая будзе доўгія гады нагадваць пра фэст. Пра тое, што Сярэднявечча было, усё ж было не такім рамантычным перыядам у гісторыі чалавецтва, нагадвалі хмуры кат, які запрашаў ахвотных у клетку-катоўню і каларытны мніх, што побач гандляваў індульгенцыямі.
Дзяцей, якіх у гэтым годзе было на фестывальных пляцоўках непараўнальна больш, зацікавіла магчымасць самім паўдзельнічаць ў рыцарскіх спаборніцтвах. Дзеля гэтага ім прыходзілася апранаць цяжкія кальчугі, рыцарскія шлемы і фехтаваць сярэднявечным мячом. І трэба было бачыць, з якім непадробным імпэтам хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі да спаборніцтваў, нягледзячы на вялікую вагу даспехаў. Безумоўна, гэты першы ўрок рыцарства малыя будуць памятаць доўга і дай Божа, каб яны кіраваліся яго законамі ўсе жыццё!
У гэтым годзе асаблівая ўвага арганізатараў была нададзена правядзенню пешага і коннага рыцарскага турніру, у якім ўдзельнічалі некалькі дзесяткаў вояў. Безумоўна, гэта частка фэсту — найбольш выйгрышная з-за свайго драматызму і дынамікі. Але хацелася б запытаць тых жа арганізатараў і ўдзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі: чаму каля сцен Гальшанскага замка вялі рэй крыжакі і іх памагатыя з ўсёй Еўропы — шматвякавыя ворагі нашай старажытнай Бацькаўшчыны? Такую “рэканструкцыю ўзгаданыя раней Вітаўт і Ягайла, князі Гальшанскія, калі б маглі прысутнічаць на фэсце, не зразумелі б. О, тады сцеражыся вялікакняскага гневу!
Але вернемся на фестывальныя пляцоўкі, дзе ўсе ж дамінавала беларушчына і айчынная гісторыя. На замкавую сцэну адзін за адным выходзілі любімцы публікі — выканаўцы фальклорнай і сярэднявечнай музыкі, якіх так упадабала публіка Гальшан на мінулагодніх фестывальных канцэртах.

Гурт "Тутыэшыя"
Безумоўным лідарам слухацкай зацікаўленасці стаў гурт “Стары Ольса, кіраўнік якога Зміцер Сасноўскі паспяваў вырашаць шматлікія арганізацыйныя пытанні, раздаваць аўтаграфы сваім прыхільнікам, рыхтавацца да выступлення з гуртом, а яшчэ са сваім “Reno-Масквічом ўдзельнічаў у выставе рэтра-аўто. Але ўсе гэтыя турботы не адбіліся на якасці гучання і музыкі “Старога Ольсы. Іх праграма складалася як з любімых слухачамі хітоў, так і твораў “Полацкага сшытка, якія не так даўно ўвайшлі ў рэпертуар калектыву. Адну з кампазіцый музыканты прысвяцілі “сапраўднаму чалавеку сярэднявечча, лідару гурта Nirvana Курту Кабэйну. Гэта знакамітая мелодыя XIII стагоддзя Ai Vis Lo Lop, асэнсаваная беларускімі музыкантамі ў постмадэрнісцкай стылістыцы з выкарыстаннем мелодый Кабэйна і яго гурта.
Атмасферу свята стваралі і іншыя гурты сярэдневечнай музыкі. Высокім выканаўчым майстэрствам грання на нямецкіх дудэльзаках і іспанскіх гаітах вылучаліся музыканты гурта CORNUCOPIA, якія традыцыйна абапіраліся на еўрапейскі рэпертуар. Але найбольш слухачы ўпадабалі выкананне гуртом CORNUCOPIA беларускай песні “Зялёны дубочак. Вопытным музыкантам дабра дапамагалі і маладыя, менш вядомыя каманды — “Тутэйшыя і “Яварына. Апошні гурт з’яўляецца музычным калектывам аднайменнага танцавальнага тэатра.

Гурт "Яварына"
Сапраўдны фурор на фестывалі зрабіў іншы малады гурт — UNIA, які ўпершыню быў госцем фэсту “Гальшанскі замак. Іх фолк-рок у сучаснай трактоўцы, з цяжкай, “гарматнай рытм-секцыяй, вельмі спадабаўся гальшанцам і гасцям фэста, якія апантана танчылі пад іх рытмы, а потым некалькі раз выклікалі гурт UNIA “на біс. Як тут не захапіцца маладой энергетыкай салістаў — маладых дзяўчатак і хлопца-волата, якія разам стварылі на сцэне сапраўднае рок-шоў! Ды й кампазіцыі, што ў гэты дзень гучалі са сцэны, беспройгрышныя народныя хіты: “Хлопец пашаньку пахае, “Я скакала, я плясала..., “Каваль.
Калі фестывальную сцэну выйшлі музыканты фолк-мадэрн-праекта PAWA, то над Гальшанамі запанавала ноч. Цёмныя абрысы муроў і вежаў замка надалі іх сэту таямнічасці і нейкай тэатральнага змрочнасці. А яшчэ паспрыялі большаму жаданню ўдзельнікаў і гасцей фестывалю пабачыць абяцанае фаер-шоў, якое сваім іскрыстым святлом разагнала цені, што навіслі над замкавымі калонамі і скляпеннямі.