Гурт «Recha» даў вулічны канцэрт

З нядаўніх часоў вуліцу Карла Маркса па выходных сталі рабіць пешаходнай. Праўда, народныя гулянні тут пакуль што не віруюць. Па выходных вуліца становіцца зусім пустой, таму гарадскія ўлады шукаюць выйсце з гэтай сітуацыі і стараюцца зрабіць новую пешаходную вуліцу папулярнай сярод мінчукоў. Адным з крокаў да гэтага стаўся дазвол на вулічныя канцэрты. А першым блінам, які, на шчасце, не стаў камяком, быў выступ гурта «Recha», які адбыўся ў суботу, 23 чэрвеня.

2fe2a9d4c06124698de449b12aeb6249.jpg

Вулічны канцэрт у Мінску «Recha» за час свайго існавання ладзіць ужо ў другі раз. Паслухаць выступ гурта, які ўзначальвае самы вядомы афрабеларус Андрусь Такіданг, прыйшлі каля ста чалавек. Дазволенае ўладамі мерапрыемства, праўда, ледзь не разагнала міліцыя. Засумняваўшыся ў легальнасці канцэрта, праваахоўнікі праяўлялі да яго зашмат увагі, а да месца правядзення нават пад’ехаў аўтазак. На шчасце, усё абышлося: прадстаўнік Мінгарвыканкаму здолеў упэўніць міліцыянтаў у тым, што канцэрт санкцыянаваны.
У выніку выступ працягнуўся, і наступныя паўтары гадзіны вуліцу Карла Маркса напоўнілі гукі музыкі «Recha». Пад яе танчылі нават дзеці, а жыхары дамоў побач выходзілі на балконы і слухалі музыку, выглядаючы з вокнаў.
На шчасце, музыкам з «Recha» удалося ўдыхнуць хоць нейкае жыццё ў пакуль што пустэльную пешаходную вуліцу. Ёй пакуль не стае прывабных для шырокага кола мінчукоў гандлёвых і забаўляльных кропак, таму і народ цягнецца сюды неахвотна.
Ва ўсім свеце пешаходныя вуліцы робяцца своеасаблівымі тварамі гарадоў. Таму застаецца спадзявацца, што ператварэнне вуліцы Карла Маркса ў пешаходную не стане няўдалым эксперыментам, і ў перспектыве Мінск атрымае новую прастору, якае будзе прывабнай не толькі для мінчукоў, але і для турыстаў.