«Ідэя Brutto разарвала «Ляпіс» знутры»: Сяргей Міхалок патлумачыў прычыны распаду гурту
Ідэя Brutto разарвала «Ляпіс» знутры і прабілася праз дуты шар «ляпісаўскага» дабрабыту. Паніка, злосць, ярасць, замяшанне, крыўды і ўзаемная нянавісьць ахапілі аснову сіндыката Lyapis Crew і фанатаў гурту
Музыка апублікаваў «Запавет Ляпіса» на
акаўнце свайго новага гурту Brutto ў ФБ.
«Праект пад назвай Brutto я задумаў пасля трылогіі «Agitpop» гурту «Ляпіс Трубяцкі», — піша Міхалок. — Буферам паміж Brutto і
«Ляпісамі» павінен быў стаць мой сольны альбом «Вясёлыя карцінкі». Падкрэсліваю, «Вясёлыя карцінкі» — гэта мая сумесная праца з маім
сябрам з Кіева Віталём Цялезіным. Ні па канцэпцыі, ні па музычна-паэтычным ўвасабленні гэты альбом не мае нічога агульнага з рэвалюцыйна-эстрадным, святочным і агітбрыгадным
«Ляпісам».
Я з'ехаў у Маскву і ўвасобіў частку песень для Brutto з «Ляпісамі» ў альбоме «Рабкор». Падкрэслю, што «Рабкор» — гэта мой
суб'ектыўны, глыбока асабісты погляд на сучаснае мастацтва як метад агітацыі і ўздзеяння на масавую свядомасць. Ужо тады стала ясна, што частка музыкаў і прыхільнікаў
«Трубяцкога» не падзяляе майго рэвалюцыйнага настрою і маіх дзёрзкіх, брутальных учынкаў.
Паніка, злосць, ярасць, замяшанне, крыўды і ўзаемная нянавісьць ахапілі аснову сіндыката Lyapis Crew і фанатаў гурту.
Я вырашыў сысці з «Трубяцкога» і стаў шукаць аднадумцаў для стварэння Brutto.
Падчас падрыхтоўкі Brutto мы запісалі з «Ляпісамі» яшчэ адзін альбом «Матрошка», паставіўшы тым самым тоўсты клічнік у фінале цярністага, супярэчлівага шляху
гурту «Ляпіс Трубяцкі».
Ваш Міхалок, ён жа Сэрджыа Брута».
Нагадаем, 1 верасня Міхалок прэзентаваў свой новы праект Brutto. У дэбютным кліпе зняўся, сярод іншых, культавы беларускі кікбаксёр Віталь Гуркоў. Густоўны кліп зняты сярод элегічных беларускіх
пейзажаў. У кліпе фігуруе Пагоня, а літары t у выразе Brutto (які па-італьянску азначае «кепскі, грубы, неачышчаны») выкананыя ў форме Беларускага крыжа.