Інтэрактыўны макет Крэўскага замка пакажуць у Гістарычным музеі

Гэта новы праект з серыі VKL3D «Апыніся ў сэрцы гісторыі!», створаны з выкарыстаннем тэхналогіі 3D-друку.

VKL3D.com

VKL3D.com

25 сакавіка спецыялісты кампаніі «Палімедыя» сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі прадставяць прынцыпова новы падыход да рэканструкцыі архітэктурных помнікаў на прыкладзе інавацыйнага макету Крэўскага замка. Велізарную ролю ў паспяховай рэалізацыі гэтага праекта адыгралі стваральнік серыі VKL3D мастак Ахрэм Белабровік і навуковы кансультант Андрэй Шулаеў, на аснове гістарычных, археалагічных і архіўных даследаванняў якога стваралася мадэль замка.
Макет Крэўскага замка, які будзе прадстаўлены аўдыторыі, – гэта сапраўдны твор мастацтва, створаны з выкарыстаннем перадавых тэхналогій. Пры вырабе макета была створана дакладнейшая 3D-мадэль замка. Для друку выкарыстоўваліся некалькі 3D прынтараў – агульны час працы склаў 180 гадзін, дакладнасць друку дасягнула 0,004 мм. Клапатлівае дэкараванне зрабіла пластык падобным на сапраўдныя камень, зямлю, ваду.
Цалкам унікальным макет Крэўскага замка робіць яго інтэрактыўнасць. Паглядзім на яго праз камеру планшэта: загарэліся факелы, пайшоў дым з комінаў, з`явіліся насельнікі замка. Чараўніцтва? Не, дапоўненая рэальнасць!
Ганаровым госцем прэзентацыі новага праекта VKL3D «Апыніся ў сэрцы гісторыі!» стане тэлевядучы, шоумэн і акцёр Дзмітрый Врагнель. 
Прэзентацыя адбудзецца 25 сакавіка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі. 
Паводле прэс-рэлізу