Камень Міцкевіча нарэшце «пабачыў сонца»

Камень з цытатай Адама Міцкевіча, які год таму адшукаў краязнаўца Аляксандр Абрамовіч у вёсцы Студзёнкі пад Нясвіжам, нарэшце атрымалася выцягнуць са склепу, у якім ён знаходзіўся ўмураваным у сцяну шмат дзесяцігоддзяў.

1_417.jpg

На камяні выбіта цытата па-польску, пакінутая Адамам Міцкевічам у дзённіку гаспадыні маёнтка ў Студзёнках меркавана ў 1820 годзе: «Ewa raj utracila, Tyś go wskrzesila» («Ева рай страціла, Ты ж яго ўваскрасіла»).

З той прычыны, што камень доўгі час знаходзіўся ўмураваным у сцяну прыватнага дома (што было зроблена ў савецкія часы, хутчэй за ўсё, пасля вайны), немагчыма было яго выцягнуць, бо гаспадыня без задавальнення аднеслася да дадзенай знаходкі. Нядаўна гаспадыня дома адышла ў іншы свет. Краязнаўцу Аляксандру Абрамовічу ўдалося адшукаць спадчынніцу дома, дачку памерлай гаспадыні, і, дзякуй Богу, яна дала дазвол на тое, каб памятны валун быў выняты.

 Перад краязнаўцам стаяла цяжкая задача: як цяпер яго выцягнуць са склепу? Але неверагоднымі высілкамі, пасля шмат дзесяцігоддзяў, легендарны камень ізноў «пабачыў сонца». У гэтым, у тым ліку, яму дапамог і Зміцер Юркевіч, старшыня Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Пакуль не прынятае канчатковае рашэнне пра далейшы лёс гэтай часцінкі нашай гісторыі, і часова камень знайшоў прытулак каля дома краязнаўцы, на вуліцы Новай у Студзёнках, ля мінулага артэфакта — жорнаў з вясковага млына. І, пэўна, не выпадкова, а таксама як у Адама Міцкевіча: «Паміж ставоў над ровам млын стары схаваўся» («Пан Тадэвуш», кніга восьмая: «Наезд»).


Валун мае незвычайную форму, нагадвае фатэльчык-канапку. Яго ратаўнікі нават спраўдзілі: сядзець на ім утульна. Як жартуе Зміцер Юркевіч:

«Ці, не дзеля вось такога адпачынку спадарынь-спадароў з томікам Міцкевіча ён быў прызначаны?»