На помніку паўстанцам Каліноўскага ў Вільні з’явіцца беларуская мова
Гэтую інфармацыю дэпутату літоўскага Сейму Томасу Тамілінасу пацвердзіў міністр культуры Літвы Міндаўгас Квіеткаўскас. Пра гэта паведамляе Белсат.
«З’явіцца месца для беларускай мовы, побач з польскай і літоўскай. Паколькі адзін з найслыннейшых удзельнікаў паўстання Каліноўскі ўваходзіць у пантэон галоўных нацыянальных герояў Беларусі, цалкам зразумелая заклапочанасць беларусаў з гэтай нагоды. У Літве шмат робіцца, каб узмацніць беларускую самасвядомасць, папулярызаваць беларускую мову поруч з нашымі намаганнямі распаўсюджваць ідэі дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі», – напісаў у Facebook Томас Тамілінас.
У каментары belsat.eu палітык таксама адзначыў, што з’яўлення беларускай мовы на мануменце не было праблемаю для афіцыйнай Вільні.
«З літоўскага боку не было праблемы зрабіць надпіс па-беларуску. Аб праблеме міністр культуры даведаўся ад мяне, бо я маю сталыя кантакты з Беларуссю ды шмат хто мне пісаў і звяртаўся прыватна.
Таму не ўключыць беларускую мову было не палітычным рашэннем, а тэхнічным. Калі ён даведаўся, што беларусаў гэта турбуе, ён адразу сказаў, што такі надпіс зробяць. Хоць беларускія ўлады афіцыйна ніяк не выказаліся і не зацікавіліся гэтым».
Раней belsat.eu паведамляў, што манумент паўстанцам Каліноўскага падпішуць па-польску і па-літоўску. Парэшткі паўстанцаў 1863–1864 гадоў плануюць перапахаваць у Вільні на могілках Росы ўжо ўвосень сёлета.
У Літве выказалі спадзеў, што ўдзел у цырымоніі возьмуць і найвышэйшыя дзяржаўныя службовыя асобы Беларусі, Украіны, Латвіі.