Пад гукі таямнічай вамолы
На мінулым тыдні адбылася нешараговая падзея, якая для шматлікіх аматараў «жывой» беларускай рок-музыкі стала падставай зноў наведаць абноўлены мінскі клуб «Re:public». Тут прэзентаваўся новы альбом «HMR» папулярнага рок-гурта «IQ48». (На здымку: Спявае Аляксандр Ракавец)

На мінулым тыдні адбылася нешараговая падзея, якая для шматлікіх аматараў «жывой» беларускай рок-музыкі стала падставай зноў наведаць абноўлены мінскі клуб «Re:public». Тут прэзентаваўся новы альбом «HMR» папулярнага рок-гурта «IQ48».
(На здымку: Спявае Аляксандр Ракавец)
Па музыцы гуртоў кшталту «IQ48», як па маркерах, вызначаецца ўзровень усёй беларускай рок-музыкі. Таму шматлікія слухачы з непадробным інтарэсам з’віліся на прэзентацыю,
каб на «свае вушы» пачуць новыя песні і старыя хіты «IQ48».
Арганізатары канцэрта-прэзентацыі вырашылі, што музыка «IQ48» будзе ўспрымацца яшчэ больш рэльефна, калі разам з імі на сцэну клуба спачатку выйдуць сябры-музыканты з гурта
«Разбітае сэрца пацана», хоць стылістычна яны выконваюць кантрастную музыку. Але гэта не засмуціла запрошаных музыкантаў, якія выкарысталі прадстаўленую магчымасць нагадаць слухачам
свой звышапулярны поп-трэш з элементамі танцавальнага шоў.
Музычны сэт «Разбітае сэрца пацана» распачало кампазіцыяй «Смаргонь», а таксама музыканты нагадалі слухачам песні з новага альбома «Не налівай»:
«Смартфон», «Хонгільдон», «Ніферціці», «Лук і часнок», а таксама новыя песні і старыя хіты, кшталту, «No
comment», «Венесуэла». З асаблівым энтузіязмам слухачы ўспрынялі любімую кампазіцыю, па сваёй сутнасці гратэскна-гумарыстычную замалёўку, «Палюбіла
гапара», якую суправаджалі дзяўчаты з танцавальнага шоў «ЭВМ».
Але як толькі «айк’юшнікі» вышлі на сцэну з першай кампазіцыяй, то стала зразумела, чаму свой новы альбом мінскія музыканты назвалі «HMR»
(heavy-metal-rock) — замест саксафона, на якім саліраваў у свой час Д. Дзеравянка, цяпер граў новы гітарыст Павел Яноўскі. Таму гук гурта «IQ48» стаў больш шчыльным,
пранізваючым залу клуба «металічнымі» рыфамі і сола. Да таго ж, у калектыўным гучанні гурта значна павялічылася нагрузка і на асноўнага гітарыста «IQ48» Яўгена
Бузоўскага, які падчас канцэрта прадэманстраваў значны выканаўчы і стылістычны прагрэс.
Што тычыцца інструментальных навінак гурта, то нельга не адзначыць выкарыстанне музыкантамі такога экзатычнага інструмента, як вамола — доўгай металічнай рэйкі з гуказдымальнікам, на якой
нацягнута басовая струна, сіла нацяжэння якой змяняецца з дапамогай спецыяльнай ручкі наверсе інструмента. А граць трэба на вамоле з дапамогай барабаннай палачкі. Гэтую экзотыку, якая па гучанні
нагадвае касмічны басавы інструмент, прадставіў слухачам бас-гітарыст гурта Улад Плюшчаў. Дарэчы, вамолу ён вырабіў сам ды апгрэйдзіў яе зялёнымі лямпачкамі.
Асноўным жа звяном, якое злучала стылістыку і акустычную атмасферу альбома «HMR» і папярэдніх дыскаў «IQ48», можна лічыць манеру выканання саліста гурта Аляксандра
Ракаўца, які спалучае металічны гроул і рэп-чытку тэкстаў. Гэта можна было зразумець з першых жа кампазіцый, якія былі прадстаўлены на прэзентацыі: «Сабой заставацца»,
«Просты хлопец», «Хвост пісталетам», «Парыж», у якой музыканты выкарысталі мелодыю з рэпертуару Эдзіт Піаф. Падчас выканання песні
«Эмігрант» адбываліся здымкі відэакліпа.
РСП і ЭВМ
Разбітае сэрца пацана
Чароўная фанатка IQ48
Другую частку праграмы прэзентацыі можна было б назваць настальгічнай, бо яна ўключала «жывое» выкананне знакамітых хітоў мінулых гадоў. Напрыклад, «Карыду»,
«Гэй, наперад» (на верш Я. Купалы), якія загучалі па-новаму, больш яскрава і па-сучаснаму. А калі на сцэну выйшаў госць з Масквы, былы ўдзельнік і адзін з заснавальнікаў
«IQ48» Павел «Фрэйд» Зыгмантовіч, то слухачы ў прадчуванні новых уражанняў пачалі скандзіраваць назву чаканай кампазіцыі: «Таполі!». Так яно і
здарылася, пад «Таполі» зала клуба выбухнула станоўчымі эмоцыямі, а многія слухачы пусціліся ў энергічныя скокі!
Дарэчы, на новым альбоме гурта «IQ48» «HMR» Павел стаў аўтарам тэкстаў песень «Эмігрант» ды «Парыж», у якіх ён выказаў, акрамя
іншага, сваю тугу па Радзіме, надзею на хуткае вяртанне ў Беларусь і супрацу са сваімі сябрамі.
Але гэта быў не адзіны сюрпрыз. Ганаровым госцем прэзентацыі стаў знакаміты беларускі рэпер Vinsent, які ніколі не адмаўляецца ад магчымасці выступіць з айчыннымі рок-музыкантамі. Вось і ў гэты дзень
рэпер у выразнай рок-манеры разам з «IQ48» выканаў энергічную кампазіцыю «Дай сілы», якая выклікала дадатковую цікаўнасць да дыска ў асяродку аматараў
рэп-чытанак.
Музыканты «IQ48» запрасілі на сваю прэзентацыю і іншага ветэрана беларускага рэп-руху — Аляксандра Памідорава. Аляксандр нагадаў слухачам, як гучыць іх сумесны трэк
«Выйсце», а таксама хіт «Святло і цемра». На жаль, песню Аляксандру завяршыць не ўдалося: на сцэну ўварваўся не зусім цвярозы хуліган, якога музыканту давялося
ўрэзоньваць ды здаваць ахове клуба. Непрыемны момант ідэальнай прэзентацыі, але затое ўсе прысутныя ўпэўніліся ў сапраўдныя мужчынскіх якасцях «вялікага ва ўсіх сэнсах» чалавека і
музыканта Аляксандра Памідорава!