Прафесар Мальдзіс: Магчыма, знойдзены верш Адама Міцкевіча на беларускай мове
Магчыма, знойдзены верш знакамітага паэта Адама Міцкевіча (1798—1855) на беларускай мове. Пра гэта піша прафесар Адам Мальдзіс у газеце "СБ. Беларусь сегодня".
Непадпісаны верш
быў апублікаваны яшчэ ў 1902 годзе ў Швейцарыі. Было меркаванне, што
аўтар — паэт, фалькларыст, драматург Ян Чачот. Але і Адам Мальдзіс, і складальнік кнігі твораў Чачота Кастусь
Цвіркамяркуюць, што насамрэч гэты верш-імправізацыю напісаў Адам Міцкевіч.
Дагэтуль былі толькі чуткі пра яго беларускамоўныя вершы, але ніхто іх не мог
адшукаць.
У вершы ёсць паланізмы і русізмы. Аўтар верагодна ўпершыню напісаў беларускамоўны паэтычны твор. Міцкевіч, ураджэнец Беларусі, ведаў беларускую мову з дзяцінства, пісаў жа ён па-польску. Каб зняць усе сумненні, неабходна правесці архіўныя пошукі ў Швейцарыі, піша Мальдзіс.
Мусiў то я сягоння рана устаць,
Штоб табе што–нiбуць сказаць;
А штоб сказаць складнiй i к рэчы,
Сеў я сабе каля печы.
Сеў, нагу за нагу залажыў,
Дабыў ражка й табакi зажыў;
А як мой мальчык крычаць пiрастаў,
Так я сабе такую думку здумаў:
Штоб–то я на сьвеце быў каралём!
I меў бы пiтнаццаць рублей грошы!
То б я табе што няделю вячаром
Справiў бы банкет харошый.
Ты б у мяне залiўся гарэлкай,
Ад мяса трэснуў бы табе пуп,
Масла пiў бы поўнай тарэлкай
I кашу еў бы з тонкiх грэцкiх круп.
А як прышлi б твае iмянiны,
Купiў бы табе мёду дзьве тарэлкi;
Купiў бы парася з скацiны
I поўную пляшку гарэлкi.
К гарэлцэ купiў бы перцу за грош,
I за тры грошы ў краме ляку;
Ад ляку быў бы там калор харош,
А перэц быў бы дзеле смаку.
I так, як наелi б цi й напiлi,
Ляглi б на печы пад кажухом;
Там бы то весяло запелi,
I ты пры мне быў бы каралём!
Паводле Еўрарадыё