Раман каралевы польскага дэтэктыву выйдзе па-беларуску
Цягам некалькіх месяцаў у выдавецтве «Янушкевіч» выйдзе раман самай касавай польскай пісьменніцы Катажыны Бонды «Акулярнік», піша Радыё Свабода.
Аўтарка, якую называюць «каралевай польскага дэтэктыву», паходзіць з Падляшша, вучылася ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы і адкрыта кажа пра «100%-е беларускае паходжанне».
«Чатыры гады назад гэтая кніга гучна выстраліла ў Польшчы, здабыўшы шалёную папулярнасць у чытачоў (і гэта адзначана шэрагам узнагарод) і неадназначную рэакцыю ў прэсе. А ўсё таму, што ў рамане закранаецца балючая тэма злачынстваў Рамуальда Райса «Бурага» супраць беларускага насельніцтва на Падляшшы», — гаворыцца на профілі выдавецтва «Янушкевіч» у Фэйсбуку.
У кнізе адлюстраваная сямейная гісторыя Катажыны Бонды. Яе цяжарную бабулю забіў адзін з партызанаў Рамуальда Райса «Бурага».
Беларускае выданне будзе мець каля 800 старонак. Выдавецтва абяцае, што беларусы змогуць набыць кнігу па-беларуску ўжо гэтым летам.
Кнігі Катажыны Бонды выдаюцца накладам звыш 150 тысяч асобнікаў. Неаднаразова яны былі рэкардсмэнамі продажу ў польскіх кнігарнях.
svaboda.org