Сяброўскі падарунак ад гурта “Re1ikt”

Бадай, упершыню перспектыўны metal-гурт “Re1ikt атрымаў магчымасць заявіць пра сябе пры дапамозе бясплатнага канцэрта. Таму не дзіўна, што прэс-канферэнцыя, прысвечаная новаму праекту “СТАрт, што распачаўся дзякуючы дапамозе прыватнай кампаніі “СТА Логісцік, прыцягнула пільную ўвагу журналістаў.



hurt_re1ikt_.jpg

Перавага кроку да бясплатнага канцэрта відавочная — у гэтым выпадку нашмат большая колькасць слухачоў, якія запоўняць канцэртную залу, даведаюцца пра музычныя эксперыменты маладых выканаўцаў, а на зэканомленыя грошы яны змогуць набыць сольныя дыскі і DVD гэтага гурта. З іншага боку, “падарункі псуюць сэрца (Эклезіяст, раздзел 7), таму ёсць верагоднасць таго, што некаторыя слухачы, асабліва не вельмі багатыя, не захочуць больш плаціць грошы за квіткі...
Але ўдзельнікі гурта “Re1ikt не вельмі баяцца нейкіх негатыўных наступстваў канцэрта ў клубе “Re:Public і будуць рабіць усё, каб слухачы пазнаёміліся з перавыданнем альбома гурта “Рэкі прабілі лёд і live-DVD “Крыгаход, якія не так даўно выйшлі на фірме “VIGMA. Прадстаўнік гэтай кампаніі А. Багдасар’ян падкрэсліў, што альбом “Рэкі прабілі лёд гурта “Re1ikt выдаецца яго фірмай у супрацоўніцтве з БМАgroup ужо другім накладам. Першы наклад аказаўся запатрабаваны ў слухачоў і хутка знік з паліцаў фірмовых музычных крам. Сапраўды, прабіў лёд слухачоўскага недаверу адносна сапраўды беларускіх па духу рок-выканаўцаў.

muzikanti_zaprashajuc_na_svoj_kancert.jpg


Лідар гурта “Re1ikt А. Дземідзенка заўважыў, што музычны матэрыял гэтага альбома быў гатовы ўжо ў 2009 годзе, але толькі ў 2011-м пабачыў свет. З ім музыканты былі на гастролях у розных рэгіёнах Беларусі (Мар’іна Горка, Слуцк, Гомель), а таксама ў Літве, Польшчы, Украіне. І новы канцэрт гурта будзе насіць рысы своеасаблівай справаздачы перад слухачамі. У гэтым гурту “Re1ikt дапамогуць сябры-музыканты Сяргей Долгушаў (“Vuraj) і Паліна Дулінец (“Rokash), а таксама артысты эсктрым-тэатра “Берсерка і арт-праекта “Ілюзіён.
Па прызнанні музыкантаў, у кампазіцыях гурта “Re1ikt можна адчуць уплыў такіх стылёвых напрамкаў, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. Але гэтыя адзначэнні творчасці гурта “Re1ikt, якія раз за разам мільгацяць у музычных рэцэнзіях і аглядах, гэта толькі своеасаблівыя “тэгі для большай арыентаванасці слухачоўскай аўдыторыі, якой патрэбна ведаць, што іх чакае ў канцэртнай зале.
 
Самі ж выканаўцы сыходзяцца ў адной думцы, што іх музыка найбольш адпавядае тэрміну “беларускі рок! Гэта пацвердзілі і замежныя слухачы: альбом гурта “Re1ikt “Рэкі прабілі лёд быў дасланы ў шматлікія спецыялізаваныя выданні, дзе атрымаў высокую адзнаку рэцэнзентаў. Нават больш прыхільную, чым некаторых айчынных аглядальнікаў. Хто мае рацыю ў гэтай завочнай спрэчцы, слухачам вырашаць на канцэрце. Ён адбудзецца 15 лістапада ў 19.00 па адрасе:
Клуб “Re:Public, г. Мінск, вул. Прытыцкага, 62 (ст. метро “Кунцаўшчына), тэлефон для даведак +375 29 11033535
Больш інфармацыі ёсць тут: http://www.re1ikt.com