Слуцкі актывіст беларусізуе паштовыя тэрміналы
Намаганнямі прадстаўніка Рады Руху «За Свабоду» і адначасна сябра ТБМ Віталя Амяльковіча на экранах паштовых тэрміналаў, якія фармуюць электронную чаргу кліентаў, з’явілася беларуская мова.
![001_9_logo.jpg 001_9_logo.jpg](/img/v1/images/001_9_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Я звярнуў увагу, што тэрміналы ў аддзяленнях Белпошты, якія друкуюць наведнікам талончыкі з нумарам электроннай чаргі, прапануюць інфармацыю выключна на расейскай мове. Гэта мне падалося ненармальным. Я звярнуўся ў Слуцкі раённы вузел паштовай сувязі з лістом, у якім выказаў сваё меркаванне з гэтай нагоды і просьбу дадаць да экраннага меню тэрмінала беларускую мову. Балазе у банкаматах магчымасць абіраць беларускую ці расейскую мову паспяхова рэалізавана. 4 лістапада начальніца Слуцкага раённага вузла паштовай сувязі спадарыня Цяцерская адказала мне, што мая прапанова будзе перададзена распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння», — распавядае Віталь Амяльковіч.
![adkaz___naczalnik_sluckaha_rvps_logo.png adkaz___naczalnik_sluckaha_rvps_logo.png](/img/v1/images/adkaz___naczalnik_sluckaha_rvps_logo.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Актывіст успрыняў было такі адказ як завуаляваную адмову: маўляў, мы не супраць, але вырашэнне пытання ад нас не залежыць. Але праз некалькі дзён на тэрміналах побач з рускай мовай з’явілася беларуская.
![terminal_poshty_logo.jpg terminal_poshty_logo.jpg](/img/v1/images/terminal_poshty_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Гэта толькі першы крок на шляху да перамогі. Талончыкі пакуль што друкуюцца па-руску, па-руску абвяшчаецца і запрашэнне падысці да акенца, дзе абслугоўваецца кліент. Таму я зрабіў запыт з просьбай даць звесткі пра распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння, каб працягнуць перапіску непасрэдна з ім», — дадае Віталь Амяльковіч.