Свабодны тэатр выклаў у вольны доступ дакументальны фільм пра «Цэнтральны»

Фільм быў зняты падчас і пасля працы над аднайменным спектаклем тэатральнай лабараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры, піша Радыё Свабода. Рэжысёрам фільму выступіў Уладзімір Шчэрбань. Над фільмам працавалі сябры Свабоднага тэатру Даша Андраянава і Мікалай Купрыч.

55751cf8_f970_4097_a565_fe1abee63fcb_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg


Як гаворыцца ў апісанні да фільму, «Цэнтральны» — дакументальны фільм пра самае простае і легендарнае месца Мінску" :

«Цэнтральны — гэта крама. Цэнтральны — гэта злочняк. Цэнтральны — гэта таннае піва і беларускі бальзам са спрайтам, калі ты студэнт, панк або рок-музыка ў 90-х. Цэнтральны — гэта танная гарэлка, калі ты гукарэжысёр філармоніі або ветэран вайны ў Аўганістане. Цэнтральны — гэта Ц., Цэха, Цэнтралька. Цэнтральны — гэта дакументальны фільм пра жыццё, паралельнае галоўнаму праспекту».

Як паведаміў заснавальнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін, калі фільм быў зняты, зладзілі анлайн-прэм’еру і паказалі яго ў сацыяльных сетках у прамым эфіры. Пасля збіраліся выкласці адкрыты доступ, але адзін з партнёраў Свабоднага тэатру прапанаваў зрабіць ягоны паказ у кінатэатры з наступнай грамадскай дыскусіяй.
«Ідэя нам спадабалася, паколькі праз яе рэалізацыю можна было зразумець, наколькі Свабодны тэатр можа сёння быць вольным у сваіх дзеяннях», — піша Халезін.
Аўтары стужкі падалі фільм пад сваім імем на атрыманне пракатнага пасведчання, але пасля доўгіх перанакіраванняў ад аднаго чыноўніка да другога, начальнік Упраўлення па кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры Аляксандар Рыдванаў прапанаваў памяняць назву фільма і выразаць некалькі сцэн, уключаючы тую, дзе згадваецца дырэктар універсама.
«Калі мы сказалі, што ніякіх зменаў уносіць ня будзем, нам прапанавалі пачаць з пачатку усю працэдуру, паколькі ў рэгістрацыйным часопісе няма ніякіх звестак пра тое, што ўпраўленне наш фільм прыняло да разгляду. Гэта значыць, усе гэтыя людзі займаліся праблемай выдачы пракатнага дазволу проста так — з-за добрага да нас стаўлення», — напісаў Халезін у сваім Фэйсбуку.
У выніку стужку вырашылі выкласці ў вольны доступ у інтэрнэце бяз цэнзарскіх правак і зменаў. На англамоўнай старонцы сайта moc.media фільм будзе размешчаны з ангельскімі субтытрамі.