У Магілёве з'явiлiся беларускамоўныя квіткі на аўтобус (фотафакт)
Паступова на беларускамоўныя квіткі пераходзіць уся Магілёўская, а таксама Гомельская і Брэсцкая вобласці.

Каб гэта адбылося, прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная накіравала адпаведныя звароты.
«Я пісала зварот, Магілёўскі аблвыканкам адразу адказваў, што па ўсёй вобласці будуць з 1 чэрвеня пераходзіць на беларускамоўныя. Пасля я яшчэ раз удакладняла, сказалі, што пераносіцца ў сувязі з тым, што менш людзей зараз карыстаюцца транспартам і рускамоўны запас квіткоў адпаведна скончыцца пазней. І вось 25 чэрвеня з’явіліся ў Магілёве. Таксама яшчэ раней былі станоўчыя адказы па Брэсцкай і Гомельскай вобласці. Ведаю, напрыклад, што ў Гомелі і ў Баранавічах ужо замянілі на беларускамоўныя» — распавяла Алiна.

Квiток на беларускай мове
Зараз «Умовы для мовы» сумесна з Асамблеяй НДА праводзіць кампанію «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску». Аліна Нагорная кажа пра кампанію:
«Квіткі – гэта тое, што бачыць кожны чалавек у Беларусі. Мы набываем квіток для паездкі на грамадскім транспарце, набываем квіткі ў кіно, у тэатр, на выставу, у музей. Па квітках мы трапляем на футбольныя матчы, на канцэрты і фестывалі. Кожны чалавек можа даслаць зварот, каб у канкрэтным месца з’явіліся беларускамоўныя квіткі. Гэта зойме хвілін 5, а вакол нас будзе больш беларускамоўных квіткоў. Бонусам кожны, хто далучыцца атрымае стыкерпак і магніцік».

Таксама засталося яшчэ некалькі дзён, каб падпісаць петыцыю за беларускамоўныя квіткі ў цягніках:
Аліна Нагорная дадае, што каб у Беларусі нешта змяніць, варта пісаць звароты. Прыклады зваротаў, вытрымкі з заканадаўства, парады і неабходныя спасылкі можна знайсці на umovy.by.
Паводле прэс-рэлiза