У саборы ў Вільні ўпершыню ў гісторыі храма адбылася літургія па-беларуску

Сёння ў Прачысценскім кафедральным саборы ўпершыню ў гісторыі гэтага храма адбылася Боская літургія на беларускай мове. Набажэнства здзейсніў святар Дзмітрый Каўрыга, клірык храма свц. Кірылы Тураўскага г. Мінска, які зараз разам з сям'ёй знаходзіцца ў Віленска-Літоўскай епархіі ў камандзіроўцы.

275778778_1737938513080621_1645934474502448924_n.jpg

У Літве, у Вільні жыве шмат беларусаў, і сёння ў тых, хто вызнае праваслаўе, была магчымасць памаліцца на роднай мове. Як звычайна, богаслужэнне ў Прачысценскім саборы транслявалася ў сацыяльныя сеткі Facebook і Instagram, і, акрамя прысутных у храме, некалькі дзясяткаў чалавек далучыліся да яго анлайн.
Як кажа рэгент хору Прачысценскага сабора маці Радаслава-Марыя Ларчанка, самым складаным пры падрыхтоўцы службы было знайсці тэкст Боскай літургіі на беларускай мове, пакладзены на ноты. Яго адсканавалі і даслалі ёй проста з Мінска.
Наступная цяжкасць была ў тым, каб пеўчыя за кароткі час хоць крыху прызвычаіліся да новага нязвыклага гучання малітваў, якія яны гадамі слухалі і выконвалі на царкоўнаславянскай мове. Каб не збіцца падчас службы, хор выконваў літургічныя спевы павольна, увесь час звяраючыся з тэкстам, асабліва баючыся наблытаць у канчатках, якія моцна адрозніваюцца ў беларускай і царкоўнаславянскай мовах.