У мінскім "ЦЭХу" прэзентавалі праект "Ружовы трохкутнік" (фота)

Да 2-га жніўня ў прасторы ЦЭХ (Кастрычніцкая, 16) праходзіць выстава швейцарскага мастака Даніэла Эйзенхуда "Ружовы трохкутнік" (The Pink Mark).



Гэты арт-праект — спроба канструявання і дэканструявання нормаў. Вельмі часта паняцце "нормы" выкарыстоўваецца ўладнымі групамі для адчужэння, дэгуманізацыі і дыскрымінацыі ўсіх тых, хто не адпавядае зададзеным "нормам".
Выстава складаецца з дзвюх частак:  серыі работ "Ружовы трохкутнік" — графічных малюнкаў людзей-мадэляў розных ідэнтычнасцяў і серыі "Голыя жанчыны — мёртвыя мужчыны" — рэтраспектывы дзіцячых успамінаў мастака аб дакументальных фотаздымках, зробленых у канцэнтрацыйных лагерах. Мастак разам з мадэлямі стварыў усе работы да выставы ў Мінску. Выстава праходзіць упершыню. 
У межах праекту мастак узнавіў вобразы гісторыі пераследаў і масавага знішчэння нацыстамі прадстаўнікоў розных этнічных і сацыяльных груп (габрэяў, прадстаўнікоў сэксуальных месшасцяў, людзей з інваліднасцю, дармаедаў, прадстаўнікоў іншых палітычных поглядаў, людзей розных этнасаў і інш.) у перыяд нацысцкай Германіі.
Як кажа сам Даніэл: "Я габрэй, і я не хачу замоўчваць той факт, што падчас Халакоста знішчаліся не толькі габрэі. У маім родным горадзе няма помніка геям ці цыганам, знішчаным у гэты жахлівы час. Ніхто не павінен выцясняцца з гісторыі".
Глядач сам ўдзельнічае у арт-праекце пасродкам канструявання, якое выключае "нормы" і наступнае яго дэканструяванне праз групавую самарэфлексію.Таксама ў рамках выставы 26 ліпеня а 16 гадзіне адбудзецца панэльная дыскусія на тэму "Перадумовы і забытыя ахвяры Халакосту" (вядучымі спікерамі будуць Аляксей Братачкін, Сяргей Драздоўскі, Наталля Манькоўская).
1 жніўня, а 15 гадзіне пройдзе воркшоп на тэму «Гендэр і норма: пераадольваючы сацыяльную сегрэгацыю» (Таццяна Шчурко) (па папярэдняй рэгістрацыі).
Уваход на ўсе мерапрыемствы выставы вольны (18+). Час працы выставы: з 12:00 да 22:00.