У Нацыянальным мастацкім музеі выстаўлена кераміка Пабла Пікаса
У пастаяннай экспазіцыі замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь выстаўлена кераміка Пабла Пікаса.
Мастак пачаў працаваць у кераміцы з другой паловы 1940-х гадоў. У майстэрні Мадура, размешчанай на поўдні Францыі ў невялікім мястэчку Валорыс, Пікаса стварыў каля 3 тысяч твораў.
Прадстаўленыя ў вітрынах экспазіцыі блюда, талеркі, збаны выкананы ў 1948–1956 гадах. Вырабы выпускаліся тыражнымі серыямі пры ўдзеле самога мастака або пад яго наглядам. Ён стварае «Выдавецтва Пікаса» (Edition Picasso) – Мадура і тыраж выданняў вызначае сам.
Пікаса выкарыстоўвае белую фаянсавую гліну, пакрывае прадмет эмалямі і палівай, працуе з плоскімі і аб’ёмнымі формамі. З усёй разнастайнасці керамічных форм выбірае два тыпы. Блюда, талеркі, міскі, пано маюць паверхню, зручную для нанясення малюнка, а борцікі-краі ствараюць своеасаблівыя рамы. Збан – амаль што скульптурная форма – перадае вобраз і роспісам, і аб’ёмам. Кераміка Пікаса радасная і гарманічная. Сюжэты яго керамічных работ цесна звязаны з жывапісам і графікай, яны з’яўляюцца варыяцыямі любімых тэм яго творчасці.