Віктар Марціновіч: Як застацца ў гісторыі, калі гандлюеш бензінам

Яшчэ нядаўна расклад быў такі. Velcom падтрымлівае музыку (напрыклад, канцэрты «Класіка ў Ратушы») і кіно (згадайма фестываль SmartFilm). British American Tobacco фундуе беларускі балет, і іх лога відаць на афішы любой сур’ёзнай прэм’еры.



rux_1000.jpg

Гэтым жа займаецца «БелГазПрамбанк», які ёсць генеральным партнёрам «ТэАрту». «Зубр Капітал» стварыў «Забор» — выдатны арт-праект, што выносіць мастацтва ў масы, набліжае яго да мінакоў (хай сабе і не ўсё тое, што экспануецца на плоце, я б назваў высокім мастацтвам). ВТБ-банк ладзіць выставу Селешчука на пл. Коласа, і гэта, выглядае, толькі пачатак.

Збліжэнне розных муз і бізнесу працягваецца, і напрыканцы лета набірае ўжо зусім амбітныя абрысы. Так, на вялікі жаль, мне не хапіла часу напісаць пра ініцыятыву Антона SNT, які ў жніўні разам з Andrew Abramchik зладзіў найцікавейшую выставу непасрэдна ў барбер-шопе Cut на Камсамольскай: першы стварыў галерэю загадкавых жаночых вобразаў у неакласічным стылі, алоўкам ды фатаграфіяй, другі расквеціў гэтыя вобразы олдфажнымі турэмнымі татухамі — і вось гэты эстэтычны выбух пад зашыфраванай зэкамі назвай «З.О.Л.О.Т.О.» развярнуўся акурат насупраць штаб-кватэры КДБ.

Назіраючы за тым, як пашанцавала слугам ды каханкам Тэрпсіхоры, Мельпамены, Эўтэрпы, я, чалавек, звязаны з музай літаратуры, сумаваў разам з Каліопай. Ці то справа ў тым, што нам, літаратарам, не так патрэбныя грошы і тых банкіраў, сувязістаў ды рытэйлераў проста не церабілі выдаўцы. А калі беларускага купца не цярэбяць, ён асабліва і не чэшацца — гарвардаў не канчалі, пра карпаратыўную сацыяльную адказнасць чулі толькі ў кантэксце Лядовых палацаў. А можа, заходзіць трэба з іншага боку ды прызнавацца, што сярэднестатыстычны беларускі бізнесовец пакрысе развучыўся чытаць. На тое, каб паклыпаць вачыма на спектакль, у яго яшчэ стае канцэнтрацыі, а на тое, каб засвоіць раман, — не.

Але я ў гэта ніколі не паверу. Ёсць у мяне такая ілюзія, што людзі, якія чытаюць кнігі, заўсёды будуць кіраваць у свеце людзьмі, што чытаюць Твітар і глядзяць ТНТ.

Панове, у мяне ёсць навіна. Пра нас з Каліопай успомнілі. Побач са мной на стале — кніжка, якая прарывае сімвалічную блакаду вакол беларускага слова і закладвае трэнд. Напісаў яе Алесь Пашкевіч, чалавек, што працяглы час узначальваў Саюз пісьменнікаў, перакладаўся, выдаваўся, ёсць лаўрэатам і доктарам літаратуразнаўства.

budzma.by__wp_content_uplo_f1524b0c352d1c0f37f93cf120f7bed5.jpeg

Кніга называецца «Рух» і прысвечаная, як напісана на вокладцы, вынаходніку дызельнага рухавіка Рудольфу Дызелю. Але насамрэч гэта мана. Прысвечаная гэтая аповесць нечаму большаму — узаемаадносінам чалавека і нафты, тым самым адносінам, якія вызначаюць сацыяльны і культурны рух сучаснасці. Сам факт таго, што беларускі літаратар стварае тэкст, прысвечаны не паўстанню Каліноўскага, не «мове-вёсцы-Вільні», а нечаму цывілізацыйна вызначальнаму, вельмі важны. Гэтаксама як і пляцоўкі, на якіх разгортваецца сюжэт: не, не Мінск! І нават не Вільня, але — Парыж, Баку, Пецярбург… Беларусі тут мала, як мала яе наогул у сусветных сыравінных раскладах. Але яна тут ёсць, і яе лінія прапісаная па-майстэрску.

Дык вось, вернемся да галоўнага. На чорнай вокладцы «Руху» — маленькі прастакутнічак з лога «А-100». «Група кампаній А-100 — найбуйнейшая сетка аўтазаправачных станцый Беларусі — прэзентуе аповесць Алеся Пашкевіча пра пачатак дызельнай эпохі», — сказана на франтыспісе. І вось гэты радок — тое, што для мяне не менш прынцыповае за аповесць. Чаму — ніжэй. Пакуль — пра сам тэкст.

Ведаеце, у Беларусі апошнім часам, калі змоўклі ў роздуме сталыя майстры, ствараецца не так ужо і шмат тэкстаў, якія можна чытаць. Не цікава чытаць, а проста можна. Тут нячаста выходзяць раманы, ад якіх не патыхае парфумай Après L’Ondée 1906 года выпуску. Парфумай, якая стагоддзе таму магла выклікаць замілаванне і нават эратычную прагу да жанчыны, якая імі адзначаная, а цяпер — толькі думку пра бабуліну ўстаўную сківіцу ў шклянцы. «Рух» — раман сучасны. Ад яго прэ не старадаўнім Guerlain, а нафтавай копаццю нашага часу, хай сабе set тут — менавіта тыя герлэнавыя часы, калі дамы былі танюткімі і маўклівымі, бы матылі. Ды лёгка скідваліся са скалы ў бездань. Адзіны спосаб даць уяўленне пра сюжэт, што закруціўся на 120 старонках, — напісаць 120 старонак сінопсісу, настолькі тут усё заблытана і дынамічна: тут фігуруюць царскія падводнікі, сумленныя рускія шпіёны, несумленныя рускія аднавокія маракі, кайзер, цар, дваранства, інжынеры і нават вежа спадара Эйфеля. Часам складаецца адчуванне, што знаходзішся ўнутры нейкай steam-punk гульні кшталту Dishonored.

Месцамі здаецца, што аўтар пераносіць добра знаёмы нам з ім modus беларускіх пісьменнікаў года 2015-га на падзеі стогадовай даўніны: вось бухае афіцэр канцылярыі Генштаба царскай арміі, і вось уначы іх кампанія пераходзіць з гарэлкі на каньяк, і неяк гэта вельмі па-сучаснаму і па-беларуску: пераходзіць з гарэлкі на каньяк! А што здарылася там, у 191..-м? Пляшка скончылася, а начнік ужо закрыты. Але такія штукі толькі дадаюць дзеянню прысмак сучаснасці. Кніга, відавочна, спадабаецца масаваму чытачу, бо ён, масавы чытач, можа лёгка пераблытаць яе дынамізм і сюжэтнасць з раннімі, яшчэ вельмі выкшталцонымі раманамі Барыса Акуніна. Такім чынам, мы маем перад сабой шпіёнскі дэтэктыў на фоне супрацьстаяння дзвюх дзяржаў, што ўступаюць у сусветную вайну. Захапляльна, інтэлігентна, цікава!

І вось цяпер ад тэксту хацеў бы перайсці да нюансу па-за тэкстам. Да таго, нашто гэта магло спатрэбіцца А-100.

budzma.by__wp_content_uplo_110c56885b30d86fbd3208ddab7f9473.jpeg

Любая камерцыйная дзейнасць, пры ўсёй яе захапляльнасці, баявітасці ды дынамізме, мае не так шмат сэнсу, калі змяшчаць яе ў перспектыву вечнасці. Ты можаш зарабіць чарговы мільён, але — асабліва ў беларускіх умовах — пры гэтым нічым не ўзбагацішся ўнутрана і будзеш адчуваць усю тую ж экзістэнцыйную пустэчу, калі гэты мільён у цябе адбяруць.

Літаратура мае фантастычны патэнцыял азначвання. Ты можаш паставіць пра сябе спектакль, можаш заказаць сябру-скульптару сваю бронзавую статую, можаш даць грошай выканаўцу, каб ён сказаў, што «эта песьня прысьвячаецца юбіляру за вось тым столікам і яго прыкраснай даме». Але песьня сціхне, са скульптуры паржуць канкурэнты, а спектакль на сцэне пройдзе некалькі разоў і не пакіне па сабе нічога.

Кніжка, у адрозненне ад кіно ці музыкі, пішацца па-за часам, па-за стылявымі штучкамі, якія фармуюцца ў сёння і заўтра ўжо нецікавыя. У тым адметнасць тэксту — самай старажытнай з моў культуры. Сервантэса і Апулея (асабліва Апулея!) перачытваць цікава, чаго не скажаш пра сінематограф Фрыца Ланга ці тупыя жартачкі Чапліна.

І вось гэтай кнігай тыя, хто зацікавіліся сучаснай беларускай прозай, паставілі сябе недзе побач з тым, што не праходзіць. І за гэта ім рэспект. І зайздрасць з боку канкурэнтаў.

budzma.by