З’явілася мапа дыялектаў Беларусі, якую можна паслухаць
Праект «Дыялекты» прыдумала аўтарка natatnik.by Іна Хоміч. Мапа дыялектаў пачала стварацца з яе ўласнага архіву, таму ахоплівае пакуль толькі Берасцейшчыну. Журналістка ездзіла па вёсках, запісваючы людзей і іх гаворку.

bymedia.by
Пазней Іна Хоміч падзялілася ідэяй з калегам Максімам Хлябцом.
«Іна Хоміч падзялілася са мной, а я адшукаў падобны праект на BBC. Яны таксама стварылі мапу сваіх акцэнтаў. Потым я звярнуўся да праграміста і запытаўся, як гэта можна прыгожа зрабіць. Гэтак і з’явілася мапа».
У планах праекту ахапіць памежжа і нават Смаленшчыну, распавядае Максім.
«Галоўнае, каб людзі самі пачалі нешта дасылаць. Учора першы запіс даслалі з Падляшша. Важна захаваць гэты скарб. Бо выглядае на тое, што праз пяць-дзесяць гадоў мы амаль нічога і не пачуем больш».
Вы таксама можаце дапамагчы ў стварэнні гукавой мапы дыялектаў Беларусі. Аўтары спадзяюцца, што гэта дапаможа паказаць поўную гукавую карціну нашай нацыянальнай мовы і яе блізкага атачэння.
belsat.eu