Забаронены калядны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Мінску
Мінскія ўлады не далі дазвол на правядзенне сольнага канцэрта Змітра Вайцюшкевіча ў ДК МАЗ.
Упраўленне ідэалагічнай работы і культуры Мінгарвыканкама не дала дазвол на правядзенне канцэрта Змітра Вайцюшкевіча, заяўленага на 12 студзеня ў ДК МАЗ.
Меркавалася, што ў гэты дзень выканаўца разам з гуртом WZ-orkiestra зладзіць урэшце вялікую прэзэнтацыю праграмы на верш Генадзя Бураўкіна «Варанок», што выйшла ў 2013 годзе.
Рашэнне аб выдачы гастрольнага пасведчання на гэта мерапрыемства ідэолягі зацягваліі. Звычайна арганізатар атрымлівае дазвол цягам пяці дзён, але ў яго могуць папрасіць прадаставіць дадатковыя
матэрыялы, датычныя канцэрта і працягнуць разглядаць дакументы лішні тыдзень.
«Яны тры тыдні чыталі тэксты маіх песень!», – кажа Зміцер Вайцюшкевіч. У выніку арганізатарам адмовілі на падставе таго, што ў іх адсутнічае дамова з канцэртнай
пляцоўкай. Паводле правілаў падачы, дарэчы, дамову такую пры арганізацыі канцэртаў беларускіх выканаўцаў прадстаўляць узгадняючаму органу не трэба.
Адзін з арганізатараў канцэрта Віталь Супрановіч паведаміў, што яны мелі дамову з ДК МАЗ, але ў апошні момант яе спатрэбілася перарабіць – у сувязі з зменай фінансавых умоваў. Якраз у
гэты час і была атрыманая адмова ў правядзенні канцэрта. Дырэкцыя ДК МАЗ сама даслала ліст у Мінгарвыканкам, дзе было напісана, што дамова паміж імі і арганізатарамі канцэрту Вайцюшкевіча на дадзены
момант не заключаная. Відавочна, што пад прымусам…
«Як адкруцілі гайкі, так і закруцілі», – расчаравана прамаўляе Зміцер Вайцюшкевіч. Да гэтага ў яго сарваліся яшчэ два выступы ў Беларусі.
Пастаўлены ўжо ў план канцэрт у віцебскай філармоніі з ініцыятывы мясцовых ідэолагаў быў адменены, а ў Брэсце ніводная пляцоўка не пагадзілася прыняць апальнага артыста.
Так супала, што ў дзень забароны свайго канцэрта, Вайцюшкевіч падрыхтаваў прэм’еру новай песні. Яна завецца «На Каляды» і напісаная на верш Уладзіміра Някляева.
«Я мусіць самы шчаслівы кампазітар Беларусі, бо выдатныя паэты мне самі дасылаюць свае вершы. Уладзімір Пракопавіч прапанаваў мне новы твор і я лічу, што гэта проста падарунак лёсу.
Атрымалася простая гісторыя пра тое, што павінна адбывацца на Каляды і пра цуд, які абавязкова здзейсніцца ў гэты дзень!», – прадстаўляе песню выканаўца.
У лютым 2015 Зміцер Вайцюшкевіч плануецца госцем праекта «Жывы Тузін». Зробім усё магчымае, каб яго канцэрт адбыўся.