Заснаваная Прэмія Цёткі для дзіцячых пісьменнікаў і ілюстратараў
Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд «Вяртанне» абвяшчаюць новую літаратурную прэмію — Прэмію Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. Прэмія будзе ўпершыню ўручаная ўвесну 2016 года, да конкурсу прымаюцца кнігі, што выйшлі ў 2015 годзе па-беларуску.
![ciotka_screen_stuff_05.jpg ciotka_screen_stuff_05.jpg](/img/v1/news/full/ciotka_screen_stuff_05.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэмія Цёткі будзе ўручацца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія — аўтару арыгінальнай беларускай кнігі) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі).
У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, заахвочвальных прызоў не прадугледжваецца. Кожны пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце ciotka.by, дзе размешчаны статут прэміі.
![lit_bel.org__assets_images_2_e6ee8725f748675fee69fa0209eec3e9.png lit_bel.org__assets_images_2_e6ee8725f748675fee69fa0209eec3e9.png](/img/v1/images/lit_bel.org__assets_images_2_e6ee8725f748675fee69fa0209eec3e9.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Каб падаць кнігу на конкурс, трэба запоўніць форму на сайце ciotka.by. Заяўляць кнігі на конкурс могуць выдавецтвы, аргкамітэт прэміі, члены журы, а таксама сам аўтар або мастак і наогул любы зацікаўлены чытач.
Апякункай прэміі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў абраная Алаіза Пашкевіч (Цётка), аўтарка “Першага чытання для дзетак беларусаў”, стваральніца першай беларускай школы ў Вільні, што запачаткавала масавую беларускамоўную адукацыю, рэдактарка часопіса для дзяцей і моладзі “Лучынка”. У 2016 годзе — годзе ўручэння першай Прэміі Цёткі — беларусы будуць ушаноўваць 140-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, а таксама 110 гадоў з выхаду “Першага чытання для дзетак беларусаў”.
Паводле прэс-рэлізу