Артур Фінькевіч: Арышт графіцістаў прымеркаваны да выбараў
„Крымінальная справа супраць пяці графіцістаў, арышт чатырох з іх прымеркаваны да выбарчай прэзідэнцкай кампаніі”, — лічыць кіраўнік аб’яднання „Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч.

Артур Фінькевіч. Фота svaboda.org
Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым такімі дзеяннямі паказвае, што ён настроены вельмі сур’ёзна.
І тыя, хто будуць яму замінаць у часе так званай выбарчай кампаніі, будуць за гэта адказваць — праз змяшчэнне ў следчыя ізалятары, праз суды, збіццё, рэпрэсіі саміх актывістаў і нават чальцоў іх сямей:
— Такія дзеянні — яны не новыя, тое самае было і пяць гадоў таму падчас той электаральнай кампаніі, але пачалося пасля выбараў. Тое самае было і 2006 годзе, тады гэта было да выбарчай кампаніі. Сярод тых, хто там сапраўды быў асуджаны за графіці, быў я. для ўсіх нас справа напэўна ўласнага і гонару, і справа напэўна будучай жыццядзейнасці ўсёй дэмакратычнай супольнасці беларускай, справа бараніць гэтых маладых людзей.
Гэтая справа — новы пробны каменьчык улады. Калі яго прапусціць, то з’явяцца іншыя вязні. За кратамі могуць апынуцца патэнцыйныя кандыдаты і ўдзельнікі іх каманд, праваабаронцы ці незалежныя журналісты. Таму кожны неабыякавы грамадзянін Беларусі павінен хоць нешто зрабіць, каб вызваліць гэтых хлопцаў з няволі, — адзначыў Артур Фінькевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя