G7 заклікала ўлады Беларусі «тэрмінова змяніць курс», а таксама перасцерагла Расію

Кіраўнікі МЗС «вялікай сямёркі» ў нядзелю прынялі камюніке, у якім «выказалі заклапочанасць» дзеяннямі беларускіх уладаў.

g7_1063628426_scaled_1.jpg


G7 заклікала ўлады Беларусі тэрмінова змяніць курс, выказаўшы занепакоенасць тым, як у краіне выконваюцца правы чалавека, і міграцыйным крызісам на мяжы з Еўрасаюзам, піша Радыё Свабода.

У нефармальнае аб'яднанне G7 уваходзяць найбуйнейшыя прамыслова развітыя дэмакратычныя краіны: Вялікабрытанія, Германія, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

На нядаўнім віртуальным Саміце за дэмакратыю, які склікаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, Святлана Ціханоўская выказала сваё недаўменне наконт недастатковай, на яе думку, рашучасці заходніх дэмакратый у процістаянні рэжыму Лукашэнкі.

«Я збянтэжаная. Я не разумею, у чым розніца паміж “вельмі, глыбока, моцна занепакоены” і “сур’ёзна, надзвычай, сур’ёзна занепакоены”? — сказала яна. — Я да гэтага часу не магу зразумець, як групе галаварэзаў удалося тэрарызаваць усю Еўропу. Са згонам самалёта або незаконным увозам мігрантаў. Чаму гэтыя галаварэзы дагэтуль не сутыкнуліся з якімі-небудзь значнымі наступствамі сваіх абуральных дзеянняў?»

У заяве, прынятай у нядзелю па выніках двухдзённай сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Групы сямі» у брытанскім Ліверпулі, ідзе гаворка і пра Расію з Украінай. 

«У Расіі не павінна быць сумневаў у тым, што новая ваенная агрэсія супраць Украіны будзе мець сурʼёзныя наступствы і высокую цану», — гаворыцца ў дакуменце.