Грамадскае аб’яднанне «Дзея» абскарджвае ў судзе рашэнне мінюста аб адмове ў рэгістрацыі

Міністэрства юстыцыі паўторна адмовіла грамадскаму аб’яднанню «Дзея» у рэгістрацыі. Ліст адмовы налічвае 14 памылак і ёсць прыкладам прадузятага непрафесійнага стаўлення. З прычыны адмовы ў рэгістрацыі прадстаўнікі «Дзеі» падалі скаргу ў Вярхоўны Суд.

no_1.jpg

У лісце «Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання», падпісаным начальніцай упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Кірычэнка А.О., з мноствам (14) абдруковак, граматычных, арфаграфічных і зместавых памылак, міністэрства юстыцыі спасылаецца на шэраг заўваг да пакету пададзеных на рэгістрацыю дакументаў.
Абгрунтоўваючы сваё рашэнне, мінюст прыводзіць аргументы, што не даюць падстаў для адмовы ў рэгістрацыі. У прыватнасці, мінюст не прызнае сапраўднай заяву на рэгістрацыю, бо яе падпісаў упаўнаважаны ўстаноўчым Агульным сходам сябра Рады «Дзеі», а не Канцлер, якога Рада абрала пасля ўстаноўчага сходу. Аднак дадзеная прэтэнзія супярэчыць закону «Аб грамадскіх аб’яднаннях», паводле якога заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага абʼяднання можа падпісвацца як кіраўніком арганізацыі, так і іншай упаўнаважанай на тое паводле статуту асобай. Такія паўнамоцтвы былі прадстаўленыя ўстаноўчым Агульным сходам ажно тром сябрам Рады «Дзеі».
Другой галоўнай прэтэнзіяй выступае нібыта факт непрадстаўлення заяўнікамі спісу асобаў, прысутных на ўстаноўчым мерапрыемстве. На справе ж такі спіс быў пададзены разам з заявай аб рэгістрацыі і пералічаны як адзін з дадаткаў. На той самы спіс спасылаецца і мінюст далей па тэксце адмовы ў рэгістрацыі.
«Не можа пара абдруковак у спісе заснавальнікаў быць падставай для нерэгістрацыі. Рашэнне перадузятае, непрапарцыйнае ды непрафесійнае. Тым больш што мінюст сам парушыў тэрміны прадстаўлення адказу», — падкрэслівае сябра Рады «Дзеі» Максім Ціханаў.
«Зважаючы на колькасць памылак і абдруковак у тэксце ліста ад мінюста, яго можна лічыць несапраўдным, — кажа іншы сябра Рады Алесь Лагвінец. — Таму „Дзея“ будзе дзейнічаць. Спадзяёмся, у Вярхоўнага Суда хопіць здаровага сэнсу і прафесіяналізму, каб адмяніць рашэнне мінюста і зарэгістраваць нашу арганізацыю, якая яшчэ летам 2017 году была зарэгістраваная ў Літве».
Паводле прэс-рэліза