Калі Пуцін зараз адчуе сябе пераможцам, ён пойдзе далей
Расія абвастрыла баявыя дзеянні на Данбасе, каб патрабаваць выканання сваіх умоў падчас сустрэчы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску.
Пра гэта «Радыё Свабода» заявіў расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.
«Паколькі таварам, які прадае Уладзімір Пуцін, з'яўляецца мір, то, вядома, ён павінен значна абвастрыць вайну перад тым, як ісці на перамовы з еўрапейскімі лідарамі. Яму трэба
падкрэсліць, што толькі ён можа ўстанавіць мір ва Украіне, а за міратворчасць трэба добра плаціць», — сказаў Станіслаў Бялкоўскі.
Разам з тым эксперт адзначыў, што, хутчэй за ўсё, фармальна пазітыўныя навіны сёння з Мінска паступяць — з шэрагу ўскосных прыкмет, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка гатовы здаць шэраг
пазіцый і хоча дамовіцца з Уладзімірам Пуціным.
«Але фактычна гэта не будзе азначаць заканчэння вайны, таму што Украіна не з'яўляецца канчатковай мэтай Уладзіміра Пуціна. Украіна — толькі прадмет і прастора для
перамоваў і гандлю з Захадам. Канчатковая мэта Пуціна — стаць Сталіным і вярнуць свет у Ялцінска-Патсдамскі фармат, які быў спынены яшчэ ў 1989 годзе, калі разваліўся савецкі блок. А вось з
гэтым Захад ужо ніколі не пагодзіцца.
Прымірэнне на Данбасе магчымае, набор патрабаванняў Пуціна зразумелы — гэта і аўтаномія Данецкага і Луганскага рэгіёнаў, і гарантыі з боку Украіны жыццезабеспячэння Крыма, бо Пуцін не ў
стане акупаваць калідор паміж расійска-ўкраінскай мяжой і Крымам. Але на гэтым канфлікт не скончыцца. Калі Пуцін адчуе сябе пераможцам, то ён пойдзе далей. З аднаго боку, Захад гэта разумее, але з
другога — вельмі вялікія страхі перад вялікай вайной з Расіяй. Таму Захад будзе рабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтай вайны, у тым ліку і коштам вялікіх саступак Расійскай
Федэрацыі», — мяркуе Станіслаў Бялкоўскі.