Карл Більт: Лукашэнка хацеў, каб ён кіраваў Крамлём, а не наадварот

Пасля выбараў 2010 году міністры замежных спраў Нямеччыны, Польшчы, Швецыі, Чэхіі апублікавалі супольны артыкул у «Нью-Ёрк Таймс» пад загалоўкам «Лукашэнка прайграў». Сярод аўтараў быў і Карл Більт. 



e259b50c_255b_4b05_9ec4_c6b272a89a29_w640_r1_s_cx0_cy7_cw0.jpg

Напрыканцы сакавіка Карл Більт наведаў Беларусь у складзе афіцыйнай дэлегацыі. У кулуарах Вроцлаўскага глабальнага форуму Карл Більт у інтэрв’ю “Радыё Свабода” распавёў пра сваё бачанне Беларусі ў новых геапалітычных рэаліях.

— Некалькі месяцаў таму вы наведалі Менск і ў адным з інтэрв’ю вы сказалі, што з пазіцыяй Менску нічога не зразумела. Вось прайшло некалькі месяцаў, ці вы разабраліся з гэты час, што думаюць улады Беларусі?

— Не. Я там быў вельмі коратка. Рэжым, натуральна, не збіраецца лібералізаваць сваю ўнутраную палітыку. У мяне няма ніякіх сумневаў і няма ніякіх сігналаў для гэтага. Але з іншага боку бачныя некаторыя перамены ў замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі. Відавочна, яны звязаныя з тым, што адбываецца ў Маскве. Пра гэтыя перамены гаворыцца збольшага ў кулуарах, паколькі залежнасць ад Масквы застаецца вельмі высокая.

— Сярод еўрапейскіх палітыкаў часам гучыць думка, што Лукашэнку можна перавыхаваць, альбо кажуць, што ён, хоць і не дэмакрат, але бароніць незалежнасць Беларусь. Вы, як паслядоўны крытык лукашэнкаўскага рэжыму, што б на гэта адказалі?

— На жаль, я не бачу ніякіх знакаў, што ён можа стаць дэмакратам. Але я не думаю таксама, што ён хоча бачыць Беларусь кіраванай з Крамля. Хутчэй за ўсё, гэта Лукашэнка марыў стаць калісьці на чале Крамля. Але думаю, цяпер ён зразумеў, што гэтага ніколі не адбудзецца. Перад ім стаіць рэальная пагроза, што Крэмль будзе кіраваць Менскам, і яму гэта не вельмі падабаецца.

— Нядаўна амбасадар Расіі ў Беларусі Сурыкаў заявіў, што Расія на наступных выбарах падтрымае Лукашэнку. Пра што гэта можа сведчыць? Гэта Пуцін дэманструе Захаду: маўляў, што б вы ні рабілі, Лукашэнка — пад нашым кантролем?

— Я нават не ведаю. Я памятаю, напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў Расія падтрымлівала яго, але шукала іншыя альтэрнатывы таксама, хаця я не магу сказаць дакладна. Калі вы амбасадар у краіне, дзе кіруе Лукашэнка, вы маеце казаць так, як сказаў Сурыкаў.

— Падчас візіту ў Менск вы адзначалі, што ў палітыцы Еўразвязу нічога не змяніліся, што ўмовы да дыялогу застаюцца тыя самыя. Першая ўмова — вызваленне палітвязняў. Калі рэжым заўтра вызваляе Мікалая Статкевіча — ці будзе гэта пачаткам лібералізацыі, супрацы, аднаўлення стасункаў? Ці само па сабе вызваленне палітвязняў недастатковае для аднаўлення стасункаў?

— Гэта, натуральна, пытанне да Еўразвязу. Каб было ясна, вызваленне ўсіх палітычных вязняў — крытычнае патрабаванне. І я не магу зразумець, чаму ён дагэтуль гэтага не зрабіў. Ужо ёсць некаторыя вынікі ад дыялогу, які адбываўся раней. Гэта і змены ў палітыцы бяспекі, зробленыя некаторыя крокі ў спрашчэнні візавага рэжыму (беларусы маюць самую вялікую колькасць шэнгенскіх візаў у свеце на душу насельніцтва). І мы ўражаныя, як гэты працэс адбываецца. Калі мы зможам пайсці далей — я буду толькі «за».

— Вы казалі пра дыялог на роўні ўладаў, але што замінае Еўразвязу будаваць кантакты з грамадзянскай супольнасцю, нізавымі ініцыятывамі і арганізацыямі? Я маю на ўвазе не толькі палітычныя партыі, але і НДА, медыі, нефармальныя ініцыятывы?

— Так, вядома. Я гэта добра разумею, таму калі я быў у Менску, сустракаўся не з уладамі, а з іншымі арганізацыямі , каб разабрацца, што адбываецца і што рабіць далей. Важна развіваць праекты на ўзроўні людскіх кантактаў, грамадзянскай супольнасці.

— І якой будзе роля Швецыі у гэтым? Я ведаю, што вы ужо не на пасадзе, але, як мяркуеце, ці зменіцца палітыка Швецыі ў дачыненні да Беларусі?

— Я дакладна не ведаю, што адбываецца там цяпер. Але відавочна, мы будзем заангажаваныя ва ўсе магчымыя працэсы, хаця, на жаль, у Беларусі застаецца вельмі шмат абмежаванняў.

 

Франак Вячорка, www.svaboda.org