Лінкявічус: «ЕС заплаціў Расіі больш грошай за нафту і газ, чым дапамог Украіне»
Экс-кіраўнік МЗС Літвы выказаўся пра неэфектыўнасць заходніх санкцый: «ЕС заплаціў РФ больш грошай за нафту і газ, чым дапамог Украіне».
Былы кіраўнік МЗС Літвы і экс-міністр абароны Лінас Лінкявічус скептычна выказаўся наконт эфектыўнасці санкцыі Еўрасаюза супраць Расі.
Лінас Лінкявічус адзначыў, што за час вайны ЕС накіраваў Расіі нашмат больш грошай за энерганосьбіты, чым дапамог Украіне. Пра сёмы пакет санкцый ЕС супраць РФ ён напісаў у Twitter.
У прыватнасці, па словах Лінкявічуса, краіны Еўрасаюза заплацілі за пастаўкі газу, нафты і вугалю з Расіі ў «геаметрычнай прагрэсіі» больш грошай, чым Украіна атрымала ад ЕС у выглядзе фінансавай дапамогі.
Былы кіраўнік МЗС Літвы таксама лічыць, што сёмы пакет санкцый, які зараз абмяркоўвае ЕС, ніяк не выправіць сітуацыю. «Рубель робіцца яшчэ мацнейшым. Некаторыя па-ранейшаму занепакоеныя “правакацыйнымі” абмежаваннямі. Сумна».
Нагадаем, Лінас Лінкявічус быў у 2012 годзе амбасарадам Літвы ў Беларусі. І заўсёды падтрымліваў дэмакратычныя змены ў Беларусі.
А ў красавіку 2022 года былы міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус і экс-прэзідэнтка Даля Грыбаўскайтэ ўхвалілі ініцыятыву былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі аб стварэнні міжнароднага трыбуналу: «Гэты трыбунал будзе дзейнічаць паводле прынцыпу Нюрнбергскага, каб чалавека можна было судзіць завочна, пакуль няма магчымасці яго затрымаць. Я думаю, што нават завочны прысуд будзе маральным асуджэннем, гэта важна», — сказала Грыбаўскайтэ.
Таксама яна заявіла, што Еўропа павінна думаць пра сваю бяспеку, каб Пуцін быў спынены і раздушаны на тэрыторыі Украіны: «Еўропа занадта малая для канвенцыйнай вайны, у плане абароны — трэба спыняць вайну там, дзе яна пачалася, і як мага хутчэй, усімі сіламі. Наша бяздзейнасць азначае пашырэнне вайны. Чым больш геаграфічна мы будзем аддаляцца ад канфлікту, тым хутчэй ён наблізіцца да нас», — папярэдзіла Грыбаўскайтэ.