МЗС Арменіі назваў новую ваенную дактрыну Беларусі праблемай для ўсіх краін АДКБ
Новая ваенная дактрына Беларусі выклікае занепакоенасць Арменіі як чальца АДКБ. Пра гэта ў размове з журналістамі пасля паседжання ўраду Арменіі заявіў намеснік міністра замежных спраў Шаварш Качаран, паведамляе агенцтва NEWS.am.
«Арменія адкрыта выказала сваю незадаволенасць у сувязі з іх [беларускай, — РС] пазіцыяй па карабахскаму пытанню. У прыватнасці, я запрасіў амбасадара Беларусі ў МЗС, акрамя таго, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства правёў гутарку з беларускім калегам, пасля чаго яны прадставілі змякчэлую пазіцыю», — адзначыў Качаран.
Намеснік міністра таксама падкрэсліў, што прыняцце Беларуссю новай ваеннай дактрыны з'яўляецца праблемай ня толькі для Арменіі, але і ўсёй АДКБ. Качаран меў на ўвазе, што ваенная дактрына Беларусі — краіны-чальца АДКБ, утрымлівае забарону на ўдзел беларускага войска ва ўзброеных аперацыях за мяжой.
Паводле Радыё Свабода