Пасол Расіі Бабіч выказаўся пра мяккую беларусізацыю
Карэспандэнт RT пацікавіўся ў дыпламата, што азначае палітыка мяккай беларусізацыі, якая праводзіцца ў краіне «з ведама ўладаў», і ці можа гэта пагражаць рускамоўнаму насельніцтву Беларусі.
— Вельмі тонкая мяжа паміж мяккай беларусізацыяй і дэрусіфікацыяй. Патлумачу, у чым гэтая тонкасць заключаецца. Насамрэч вывучэнне роднай мовы, роднай гісторыі, роднай культуры, традыцый свайго народа — гэта нават не права, гэта абавязак любога народа, які не хоча страціць самаідэнтычнасць. І было б дзіўна якім-небудзь чынам абмяжоўваць у незалежнай і суверэннай дзяржаве гэтыя магчымасці.
Пасол таксама прывёў у прыклад савецкі перыяд — на яго думку, менавіта тады актыўна развівалася беларуская мова, нацыянальная культура, нацыянальная адукацыя. Ён лічыць, што калі Беларусь і сёння ідзе ў гэтым кірунку, то ў гэтым няма нічога дрэннага. Пры гэтым Міхаіл Бабіч адзначыў, што гэта не павінна адбывацца за кошт ушчамлення рускай мовы, сумеснай культуры ці гісторыі.
nn.by