Плаціць 80 еўра за «шэнген» беларусы не будуць

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС будзе падпісана не пазней за 2 лютага 2020 года. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ўжо сёлета ў лістападзе.

viza_shengen_pravila.jpeg


Пра гэта паведаміла журналістам кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе газета "Звязда". 
«Так, мы падпішам візавае пагадненне. Не магу назваць канкрэтную дату, але ўсе дакументы ўжо падрыхтаваныя, і зараз абодва бакі праходзяць неабходныя юрыдычныя працэдуры. Хочам падпісаць падчас працы цяперашняй камісіі, тэрмін дзеяння якой заканчваецца ў лістападзе. Цвёрда ўпэўнена, што гэта атрымаецца. Мы ўсе ведаем крайні тэрмін 2 лютага наступнага года. Мы падпішам да таго», — упэўненая Андрэа Віктарын.
Нагадаем, нядаўна ў Еўрасаюзе прынялі змены ў Візавы кодэкс, з 2 лютага 2020 года за атрыманне шэнгенскай візы давядзецца заплаціць 80 еўра.
Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму вядуцца ўжо не першы год. 4 ліпеня ў інтэрв'ю TUT.BY кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Андрэа Віктарын заявіла, што «перамовы ўжо завершаны, супярэчнасцяў няма, тэкст ўзгоднены». Зараз Мінск і Брусель павінны правесці дакумент праз усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Гэты працэс можа заняць 2-3 месяцы, а затым бакі выходзяць на падпісанне дакументаў. Чакаецца, што для гэтай цырымоніі правядуць сустрэчу на высокім узроўні. Пасля падпісання пагаднення «шэнген» для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра.
Паводле news.tut.by