Правацэнтрысты рыхтуюць 100 пікетаў «За сумленныя выбары»

У прэс-канферэнцыі на тэму «Вынікі слуханняў у Еўрапарламенце па сітуацыі ў Беларусі і планы супрацы на бліжэйшую перспектыву» прынялі ўдзел старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

img_4114_logo.jpg


Анатоль Лябедзька распавеў пра вынікі сустрэчы ў Бруселі з прадстаўнікамі Еўрапейскай Народнай партыі і дэпутатамі Еўрапарламента.
«Дыскусія была вельмі важная. Прысутнічалі кіраўнікі рабочай групы па Беларусі, кіраўнікі місіі па назіранню, прадстаўнік службы зносінаў Еўразвязу. Больш мяккіх ацэнак выбарчай кампаніі і працы выбарчых камісій, як мы апасаліся, дадзена не было. Зараз вырашаецца, якой будзе выніковая рэзалюцыя Еўрапарламента. Калі не будзе вялікіх дыскусій, яна будзе агучана на наступным тыдні.  Ужо зразумела, што нашыя аргументы пра тое, што выбары не былі сумленнымі і справядлівымі і не адпавядаюць стандартам АБСЕ, былі пачутыя. Можна прагназаваць што выбары не будуць прызнаныя як свабодныя і сумленныя, будзе канстатаваны прагрэс у нейкіх колькасных паказчыках (тэхнічныя рэчы). Якасных зменаў няма», — адзначыў Анатоль Лябедзька.
Старшыня АГП дадаў, што ад зместу рэзалюцыі залежыць, якімі будуць выбудоўвацца стасункі з Мінскам: «Спадзяемся, што рэзалюцыя будзе матываваць улады праводзіць змены ў Выбарчы кодэкс».
Юрась Губарэвіч нагадаў, што праца правацэнтрысцкай кааліцыі — не толькі міжнародныя кантакты і паседжанні Асамблеі народных прадстаўнікоў, але таксама і вулічная актыўнасць. «Улады вярнуліся да ранейшага фармату рэпрэсій: складанне пратаколаў і пакаранне штрафамі. Замест заяўляльнага прынцыпу дзейнічае дазвольны прынцып на правядзення вулічных акцый. Мы будзем спрабаваць змяняць закон пра масавыя мерапрыемствы. Калі ўлада зацікаўлена, каб адносіны з Еўропай паляпшаліся, яна мусіць ісці насустрач».
Старшыня Руху «За Свабоду» паведаміў, што 7 лістапада правацэнтрысты будуць публічна адзначаць дзень памяці і жалобы. «Мы рыхтуем акцыю памяці на 12:00 каля муроў КДБ і жалобнае шэсце да Парку Чалюскінцаў, дзе былі закатаваныя і расстраляныя ахвяры сталінізму. Акцыя пройдзе незалежна ад дазволу на яе. Запрашаем усіх, хто хоча прыняць удзел. Асабліва сваякоў закатаваных з партрэтамі сваіх дзядоў і бацькоў. Наша задача — памяняць стаўленне грамадства і надаць іншы сэнс гэтай даце».
Сустаршыня БХД распавёў, што Асамблея народных прадстаўнікоў абвяшчае наступны месяц месяцам інфармавання грамадзян пра вынікі выбараў. Па ўсёй Беларусі будуць пададзены заявы на 100 пікетаў «За сумленныя выбары і супраць фальшаванняў». «Дазвол альбо забарона гэтых пікетаў – лакмусавая паперка гатоўнасці ўладаў ісці на саступкі», — адзначылі выступоўцы.
Правацэнтрысты рыхтуюць прапановы па ўдасканаленню выбарчага заканадаўства. У межах АНП створана працоўная група па змене заканадаўства. Чакаецца, што змены будуць разглядацца на 2-й сесіі Палаты прадстаўнікоў. «Хочам дамагчыся зменаў да восені наступнага году, калі будуць мясцовыя выбары», — зазначыў Віталь Рымашэўскі.
Правацэнтрысты таксама актыўна рыхтуюць прапановы па ўдасканаленні судовай сістэмы, сістэмы аховы здароўя, культурнай сферы. У бліжэйшы час будуць праводзіцца паседжанні працоўных групаў і тэматычныя круглыя сталы.
Удзельнікі прэсавай каныферэнцыі спадзяюцца, што Асамблея народных прадстаўнікоў у хуткім часе стане пляцоўкай для аб’яднання ўсіх дэмакратычных сілаў з палітычнага і грамадскага сектараў.