Расійская газета "Взгляд": або Беларусь увойдзе ў склад Расіі, або яе ліквідуюць

Расійская дзелавая газэта «Взгляд» апублікавала артыкул «Мінску пара вызначацца» з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі правесці восенню 2015 года разам з прэзідэнцкімі выбарамі рэферэндум аб далучэнні Беларусі да Расіі.У адваротным выпадку — «Беларусь у цяперашнім выглядзе ліквідуюць».



6989.jpg

Аўтар артыкула журналіст Эдуард Біраў адзначае, што Лукашэнку трэба вызначыцца, з кім ён — з Расіяй або Захадам. Інакш Беларусь можа напаткаць лёс Украіны.

«З Беларуссю можа выйсці тое ж самае і нават з той жа крывёю, калі кіраўніцтвам і народам не будзе выразна зроблены выбар на карысць аднаго з бакоў — на карысць свайго дома ў рускім свеце. Прычым выбар менавіта імперскі і прынцыповы — не проста адседзецца ў кватэрцы і баяцца пасварыцца з кожным з бакоў, пры гэтым нават падзарабляючы на санкцыях супраць Расіі, а ўліцца ў Расію тэрыторыяй і душой, устаць з ёй у адзін шыхт, падзяліць з ёй яе цяжкі крыж».

Як піша газэта «Взгляд», «збіранне рускіх зямель» — гэта «не нейкі капрыз Пуціна, але аб’ектыўная неабходнасць».

«У гэтай сувязі адзіна правільны выхад з цяперашняга становішча ў тым, каб Лукашэнка, калі ён сапраўды патрыёт Беларусі і рускага свету, правёў рэфэрэндум аб далучэнні да Расіі разам з выбарамі восенню 2015 года і ўжо ў залежнасці ад волі народа прыняў гістарычнае рашэнне.

Расіі трэба, каб рускія Беларусі зрабілі свой выразны і прамы выбар, без гэтага ўкраінскага віхляння паміж двума полюсамі. Выяві Лукашэнка такую ініцыятыву, Беларусь ужо зімой 2015 увойдзе ў склад Расійскай Федэрацыі на правах адмысловай аўтаноміі. Але для гэтага Аляксандру Рыгоравічу давядзецца адмовіцца ад сваіх амбіцыяў як кіраўніка «суверэннай дзяржавы» — што, безумоўна, вельмі балючы момант для любога палітыка, і тым больш такога дасведчанага і статуснага.

Аднак альтэрнатыва гэтаму нашмат больш сумная: Беларусь у цяперашнім выглядзе ліквідуюць. Калі не восенню 2015 падчас выбараў, то пазней, але Захад прыступіць да гэтага, змушаючы Лукашэнку альбо здаць уладу, альбо цалкам падпарадкавацца Захаду», — піша расійскае выданне.

Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Аляксандар Класкоўскі лічыць, што панікаваць у сувязі з падобным артыкулам не трэба, але і ігнараваць падобныя з'явы, безумоўна, нельга: беларусам трэба «трымаць порах сухім».

«Трэба адзначыць, што апошнім часам у расійскіх медыях падобнага кшталту матэрыялы перыядычна сталі з'яўляцца. Пакуль нельга сказаць, што гэта нейкі мэйнстрым расійскай прапаганды, але тым не меней ніхто не спыняе аўтараў гэтых артыкулаў, пры тым, што, як вядома, Крэмль сёння кантралюе ідэалагічную, інфармацыйную сфэру нават болей жорстка, чым беларускія ўлады.

Таму я думаю, што гэтая тэма, хоць яна пакуль не ў фокусе, але на ўсялякі выпадак яна падтрымліваецца. Тут, напэўна, нейкая праца і на расійскую аўдыторыю, але асцярожная, таму што ўсё ж такі ў расійскай грамады пераважае пакуль што меркаванне, што беларусы — браты (хоць практыка паказвае, што вельмі лёгка пры інтэнсіўнай прапагандзе ператварыць іх таксама ў «фашыстаў» ды «бандэраўцаў» — прыклад з Украінай вельмі красамоўны). Я думаю, што тут можа быць мэта — трошкі панерваваць і Лукашэнку, каб ён быў болей паслухмяны ў нейкіх пытаннях (у тым жа ўкраінскім пытанні, напрыклад). Наагул, ведаеце, гэта такая тэма, як той бронецягнік, які стаіць на запасным шляху. Я б не кідаўся ў нейкія алярмісцкія прадказанні сёння, але для тых, хто дбае пра беларускую незалежнасць, гэта яшчэ адзін напамінак пра тое, што ва ўсіх сэнсах трэба трымаць порах сухім», — заявіў Класкоўскі.

svaboda.org